Беларусь рызыкуе трапіць у пастку маруднага росту



У выпадку захавання тэмпаў росту ВУП на ўзроўні 2% Беларусь можа апынуцца ў пастцы марудных тэмпаў эканамічнага росту, лічыць рэгіянальны дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Кахканен.

„Калі рэформы ў Беларусі не будуць праводзіцца, гэта ўзмацніць структурную слабасць беларускай эканомікі. Паводле нашых падлікаў, Беларусь можа разлічваць на рост эканомікі на ўзроўні 2%, краіна можа апынуцца ў пастцы павольных тэмпаў эканамічнага росту”, — заявіла Сату Кахканен, выступаючы 2 лістапада на Кастрычніцкім эканамічным форуме (KEF) у Менску.

Паводле яе слоў, рост эканомікі на 2% — „гэта занадта мала”. „Такія тэмпы эканамічнага росту з’яўляюцца недастатковымі для таго, каб дасягнуць мэты развіцця, якія вызначыў для сябе беларускі ўрад”, — падкрэсліла Кахканен.

У сваю чаргу, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага звяза ў Беларусі Андрэа Віктарын адзначыла, што дамінуючы дзяржаўны сектар стрымлівае развіццё прыватнага бізнесу ў Беларусі, і гэта перашкаджае паскарэнню тэмпаў эканамічнага росту.

Яна станоўча ахарактарызавала нядаўнія рашэнні беларускіх уладаў па змякчэнні дзяржкантролю за малым і сярэднім бізнесам, дадаўшы пры гэтым, што структурныя праблемы ў эканоміцы застаюцца. „Прынятыя рашэнні па падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу не з’яўляюцца дастатковай умовай для ўстойлівага эканамічнага росту. Структурная слабасць беларускай эканомікі выяўляецца ў тым, што ў краіне дамінуюць дзяржаўныя прадпрыемствы, якія не даюць развівацца прыватнаму сектару ў краіне”, — сказала Андрэа Віктарын.

У сувязі з гэтым, адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС, для Беларусі важна заключыць новую крэдытную праграму з Міжнародным валютным фондам. „Падпісанне крэдытнага пагаднення з МВФ значна палепшыць сітуацыю ў беларускай эканоміцы, а таксама стане станоўчым сігналам для міжнароднай інвестыцыйнай супольнасці”, — падкрэсліла Віктарын.

Апошнія тры гады Беларусь вяла перамовы аб заключэнні крэдытнай праграмы з МВФ, аднак у 2017 годзе перамоўны працэс быў прыпынены з-за негатовасці беларускіх уладаў праводзіць рэформы ў дзяржсектары, рэкамендаваныя валютным фондам.

belapan.com