Мікалай Статкевіч асуджаны яшчэ на 10 сутак арышту
Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч асуджаны яшчэ на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, паведаміла яго жонка Марына Адамовіч.
Паводле яе слоў, такое рашэнне суддзя суда Маскоўскага раёна Менска Таццяна Мотыль прыняла яшчэ 26 кастрычніка. Адамовіч даведалася пра гэта з судовай пастановы, якую яна атрымала 3 лістапада па пошце заказным лістом. З пастановы вынікае, што Статкевіч асуджаны за пікет, правядзены 7 кастрычніка каля Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна.
У той дзень Статкевіч выйшаў на волю з ЦІП пасля 15 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Беларусі. Палітыка сустракалі жонка, актывісты і журналісты, з якімі ён пагутарыў.
„Суддзя Мотыль вырашыла, што вызваленне Статкевіча пасля 15-сутачнага арышту само па сабе з’яўляецца пікетаваннем, за якое трэба быць пакараным яшчэ 10 суткамі арышту. Такім чынам, створаны шыкоўны прэцэдэнт, калі можна любое вызваленне з Акрэсціна лічыць пікетаваннем„, — пракаментавала Адамовіч новы арышт мужа.
Цяпер Статкевіч таксама знаходзіцца ў ЦІП. З 31 кастрычніка ён адбывае 5-суткавы арышт за акцыю супраць беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”, якая прайшла 8 верасня ў цэнтры Менска. На волю палітык павінен выйсці ўвечары 4 лістапада.
На пытанне, ці ёсць верагоднасць, што Статкевіча не выпусцяць заўтра, а прадоўжаць яго знаходжанне ў ЦІП на 10 сутак, Марына Адамовіч адказала: „Для ўладаў парушэнне закона стала абсалютнай нормай, таму можа быць усё што заўгодна”. У любым выпадку, яна збіраецца сустракаць мужа каля ЦІП у суботу ўвечары. БелаПАН