У Менску міліцыя затрымала актывістку КХП БНФ



У Менску на станцыі метро „Магілёўская” за распаўсюд улётак аб дазволеных 5 лістапада шэсці і мітынгу на Дзяды, міліцыя затрымала актывістку Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Алу Гуцаву.

Па словах адказнага сакратара гэтай партыі Алеся Чахольскага, супрацоўнікі міліцыі парушылі заканадаўства, таму што распаўсюд інфармацыі аб дазволеным мерапрыемстве не забараняецца:

– Усё гэта дазволена. Яна паказала міліцыянтам Данілюку і Кірычэнку копію дазвола Менгарвыканкама. Згодна заканадаўства, пасля атрымання дазволу мы маем права распаўсюджваць інфармацыю і запрашаць людзей на дазволеныя мерапрыемствы. Гэтыя невукі, таму што па-іншаму іх нельга назваць,  правялі затрыманне, склалі пратакол, забралі гэтыя ўлёткі.

Як адзначыў Алесь Чахольскі, жанчыну пазней адпусцілі, але пры гэтым супрацоўнікі міліцыі не далі Але Гуцавай копіі пратакола аб парушэнні парадку арганізацыі ці правдзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Кодэксу аб адмінтратыўных парушэннях Рэспублікі Беларусь),  а таксама не далі акта аб канфіскацыі ўлётак. Гэтыя незаконныя дзеянні міліцыі будуць абскарджаны ў пракуратуру і суд, – сказаў Алесь Чахольскі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск