У заходнім дэрбі „Дынама” перамагло „Нёман”
Позна ўвечары ў суботу на футбольным полі ЦСК „Нёман” у Гародні сустрэліся мясцовая аднайменная каманда і берасцейскае „Дынама”. Бітва ішла за тры ачкі і перспектыву заняць 4-е месца ў чэмпіянаце.
Пачалі больш актыўна гарадзенцы, але спакваля госці сталі арганізоўваць небяспечныя контратакі. Ужо другая вострая з іх завяршылася голам у браму „Нёмана” – майстэрства завяршэння выявіў ганскі легіянер Джоэл Фамее. Ішла 22-я хвіліна сустрэчы.
Пасля перапынку „Нёману” удалося стварыць адзін небяспечны момант, але бліскуча згуляў брамнік берасцейцаў Павел Паўлючэнка.
А на 72-й хвіліне госці здзейснілі атаку, якая завяршылася другім голам – мяч у сетку даслаў Арцём Мілеўскі. У выніку 0:2. Бела-блакітныя ўзялі рэванш за паразу ў першым крузе. Берасцейскае „Дынама” набрала 47 ачкоў і выйшла на 4-е месца. У „Нёмана” засталося 46 і да нядзельнага дня ён пакуль будзе на 5-й пазіцыі.
Беларускае Радыё Рацыя