У Гомелі ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій (абноўлена)
У Гомелі ўвекавечаць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Як паведаміў епіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяпан, адпаведная шыльда з’явіцца ў Свята-Нікалаеўскім манастыры.
– Было рашэнне камісіі па кананізацыі беларускай праваслаўнай царквы, якую я ўзначальваю, каб увекавечыць памяць пра тых святароў, якія служылі і былі расстраляныя ці памерлі ў лагерах. Гістарычная камісія нашай епархіі прыняла такое рашэнне: увекавечыць памяць трох нашых святароў, якія служылі ў розныя часы ў Нікольскім храме.
Паводле гісторыкаў, у Беларусі да пачатку Другой сусветнай вайны было рэпрэсавана каля трох тысячаў святароў.
* * *
У Гомельскай абласной бібліятэцы адбылася сустрэча “Вечар памяці новапакутнікаў”. Падчас мерапрыемства прысутныя ўзгадалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Супрацоўнік Веткаўскага музею Андрэй Скідан распавёў, што ініцыятыва сустрэчы належала праваслаўнай царкве:
– У царкоўна-гістарычнай камісіі вядзецца актыўная работа па зборы звестак, а старшыня камісіі па кананізацыі Беларускага Экзархата як раз наш уладыка. У яго асабістыя інтарэсы ў тым, каб гэтыя людзі былі не толькі кананізаваныя, колькі імёны агалошаныя, расследаваныя моманты іх жыцця і можа быць смерці.
На мерапрыемстве прысутнічала кіраўніцтва Гомельскай Епархіі Праваслаўнай царквы. Сярод іх – епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан.
Барускае Радыё Рацыя, Гомель