Зянон Пазьняк: Курапаты – самы вялікі ў свеце помнік савецкаму генацыду



Месца расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам — гэта самы вялікі ў свеце помнік савецкаму генацыду, лічыць лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазняк. Зварот беларускага палітыка, які знаходзіцца шмат гадоў у эміграцыі, 5 лістапада зачытаў на мітынгу ў Курапатах старшыня інфармацыйна-прапагандысцкай камісіі сойма партыі Валерый Буйвал.

„Людзей тут дзень і ноч расстрэльваў НКУС. Людзей забівалі па загадзе Масквы, план быў спушчаны на ўсю Беларусь, на кожную вобласць, раён, сельсавет. Кожны дзень у 9 гадзін раніцы нкусавец тэлефанаваў ў Маскву на Лубянку і дакладваў аб выкананні загаду. Невыкананне плана пагражала расстрэлам выканаўцу. План выконваўся з апярэджаннем”, — адзначыў Пазняк.

Паводле слоў лідара КХП-БНФ, па выніках гістарычных даследаванняў, у якіх ён удзельнічаў, вядомы толькі адзін выпадак, калі чалавеку ўдалося ўцячы з месца расстрэлу. „Калі б не Другая сусветная вайна, Масква магла б расстраляць усю беларускую нацыю”, — лічыць Пазняк.

Ён прывёў дадзеныя, згодна з якімі з 1921 па 1941 год у Беларусі было расстраляна каля 2 млн. чалавек.

Лідар партыі таксама ўдакладніў, што, паводле дадзеных вынікаў археалагічных даследаванняў 1988 года, у Курапатах было расстраляна ад 200 да 250 тысяч чалавек. „А такіх Курапатаў, вялікіх і малых, сотні на беларускай зямлі”, — падсумаваў палітык.

belapan.com