Грамадскія актывісты Гародні супраць “Вялікага Кастрычніка”



Грамадскія актывісты Гародні выступаюць супраць святкавання 100-годдзя Кастрычніцкага перавароту. На іх думку лепш адзначаць Дзяды і зрабіць гэты дзень выходным.

Кажа сябра незалежнага прафсаюза Ігар Банцар:

– Як можна святкаваць падзею, якая адбылася ў чужой краіне, тысячу кіламетраў ад нас. У той кране, дзе гэтая рэвалюцыя адбылася, яе ўжо даўно не святкуюць. Мы як “мракабесы”, якія не маюць сваёй гісторыі, святкуем чужыя святы. Таму я да гэтага стаўлюся вельмі адмоўна. Лепш грошы, якія пайшлі на святочныя мерапрыемствы, накіравалі на ЖКГ, ці на адукацыю, або на дапамогу інвалідам або ветэранам.

Для актывіста Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Ежы Грыгенчы гэта свята звязанае ў першую чаргу з бальшавікамі і “продразвёрсткай”.

– Прыйшлі бальшавікі, забралі ўсю ўласнасць, пазаганялі ў калгасы. Хто не падпарадкаваўся, таго накіравалі – каго на Салаўкі, каго ў Казахстан. Якое гэта можа быць свята? Дзяды – гэта свята. Дзяды мы не адзначаем. Адзначаем затое 7 лістапада. Якая ўлада – такія і святы.

Беларусь засталася адзінай у свеце краінай, дзе дзень Кастрычніцкага перавароту адзначаецца афіцыйна.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Hrodna.life