Птушкай 2018 года ў Беларусі аб’яўлены чорнагаловы шчыгол



Птушкай 2018 года ў Беларусі аб’яўлены чорнагаловы шчыгол, паведамілі ў грамадскай арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчына” (АПБ).

Птушка 2018 года „загняздуецца” на фасадзе дома ў гарадскім пасёлку Карма на Гомельшчыне, паколькі ў 2017 годзе шчыгол стаў афіцыйным сімвалам-птушкай Кармянскага раёна. Сумесна з Нацыянальным банкам і РУП „Белпошта” плануецца традыцыйны выпуск манеты і маркі з выявай птушкі года. У гарадах і райцэнтрах пройдуць экскурсіі „У пошуках птушкі года”, а на тэрыторыях, якія насяляе шчыгол, з’явяцца папераджальныя таблічкі „Тут спявае шчыгол – птушка года!”. Спампаваць макет таблічкі на сайце АПБ і паставіць у патрэбным месцы зможа кожны. Там жа можна знайсці прэзентацыю аб жыцці птушкі 2018 года і паслухаць спевы шчыгла.

Самых маленькіх удзельнікаў „Птушкі года” чакаюць конкурсы. У Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя, 5 чэрвеня, па ўсёй краіне пройдзе конкурс „Птушка-арт”, дзе трэба будзе пабудаваць з людзей сілуэт птушкі, а юныя мастакі паспрабуюць сілы ў мастацкім конкурсе „Што есць шчыгол?”

Спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы звярнуў увагу на тое, што шчыглы выбіраюць для гнездавання зялёныя пасадкі населеных пунктаў, у тым ліку прыдарожныя палосы, паркі, скверы. „Але апошнія гады ўсё больш востра стаіць праблема моцнай і часткова неабгрунтаванай абрэзкі многіх дрэў, калі ад дрэва застаецца адзін ствол-слупок. Яшчэ вялікая праблема – поўная высечка дрэў і кустоўя, зялёных зон для гарадской забудовы, для пракладкі камунікацый і па іншых прычынах. З-за гэтага прыдатныя мясціны для гнездавання шчыглоў, ды і іншых відаў птушак, скарачаюцца. Акрамя таго, шчыглы харчуюцца насеннем пустазелля, асабліва ў зімовы час. Выкошванне пустэч пакідае іх галоднымі ўзімку”, – расказаў ён. Адна з мэт кампаніі „Птушка года” – прыцягнуць увагу да птушак і неабходнасці захавання мясцін, якія яны насяляюць, а таксама да дзікай прыроды ў цэлым.

Чорнагаловы шчыгол – яркая, прыкметная птушка, якой англічане далі мянушку Goldfinch – залаты ўюрок. Любімыя мясціны гнездавання шчыгла – гарадскія зялёныя пасадкі, сады, лясныя ўзлескі. У красавіку птушкі разбіваюцца па парах. Песня шчыгла – звонкія, нягучныя і лёгка запамінальныя трэлі. Птушанят яны выкормліваюць насякомымі. Асабліва любіць гэты від лісцевых мошак на маладых парастках.

З гэтай птушкай прасцей за ўсё пазнаёміцца восенню або зімой. Пустэчы на ўскраінах гарадоў з зараснікамі чартапалоху – любімыя мясціны шчыглоў. Іх звычайны корм у гэты час – насенне пустазелля (дзядоўніку, чартапалоху, лопуху, асоту, валошкі, цыкорыі, дзьмухаўцу і многіх іншых).

belta.by