Львы італьянца Антоніа Канова просяць дапамогі
У адным з найпрыгажэйшых мікрараёнаў Слоніма Альбярцін захаваўся да сённяшніх дзён палац Пуслоўскіх – помнік сядзібна-паркавай архітэктуры позняга класіцызму першай паловы XIX стагоддзя.
Галоўны ўваход палаца аформлены скульптурамі двух ляжачых ільвоў — дэкаратыўны элемент архітэктуры класіцызму першай паловы XIX стагоддзя. Аўтарам гэтых ільвоў быў вялікі італьянскі скульптар Антоніа Канова (1757–1822). Папа Пій VII загадаў упісаць яго імя ў Залатую кнігу Капітолія і надаў яму тытул маркіза д’Іскіа. Самыя вялікія яго працы цяпер знаходзяцца ў парыжскім Луўры і ў пецярбургскім Эрмітажы. Відаць, Антоніо Канова быў добра знаёмы яшчэ з Войцехам Пуслоўскім, па просьбе якога і былі зроблены ў Альбярціне гэтыя шыкоўныя скульптуры – львы і вазы. Яшчэ два венецыянскія львы стаялі каля ўваходу на тэрасу. Але яны не захаваліся.
Калі палац Пуслоўскі належаў Слонімскаму кардонна-папяроваму заводу “Альбярцін”, палац Пуслоўскіх і каменныя львы з вазамі перад палацам добра даглядаліся. Іх штогод аднаўлялі, мылі спецыяльнымі шчоткамі, сачылі за іх прыгажосцю і станам. Менавіта львы і вазы прыцягваюць сюды турыстаў з усяго свету, якія найперш любяць тут сфатаграфавацца і пачуць гісторыю іх з’яўлення. Але ў апошні час стан каменных львоў і вазаў вельмі небяспечны. Гэтыя найвыдатнейшыя помнікі італьянскага скульптара просяць дапамогі. І калі гэтая дапамога помнікам першай паловы XIX стагоддзя не будзе аказана, яны могуць быць знішчаны.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя