Нават у пекле здараюцца цуды



Гэтымі днямі ў Пінску, роўна 75 гадоў таму, нацысты і іх памочнікі з мясцовых рабілі апошнія агляды гета, каб дакладна ўпэўніцца, ці ўсіх ліквідавалі. Пяць сутак, з 28 кастрычніка па 2 лістапада 1942 года, карнікі выконвалі антычалавечы загад Генрыха Гімлера.

Фармальна кіраўнік СС нібы хваляваўся, што Пінскае гета стала цэнтрам падпольнага руху, базай бандытаў і нават нягледзячы на патрэбы эканамічнага характару загадаў яго знішчыць. Насамрэч нацысты вырашалі сумна вядомае “габрэйскае пытанне”. Забівалі не толькі вязняў гета, звозілі жыхароў габрэйскага паходжання з аколіц. Такім чынам, колькасць расстраляных на Піншчыне вагаецца ад 20 да 27 тысяч.

Пасля 2 лістапада 1942 года капітан паліцыі аховы Заур рапартаваў вышэйшаму начальству:

(…) Прачэсванне гета належала па загадзе пачаць у 6:00. Але дзякуючы цемры пачатак быў адсунуты на паўгадзіны. Габрэі, што звярнулі ўвагу на тое, што адбываецца, сталі большай часткай добраахвотна збірацца на праверку на ўсіх вуліцах; з дапамогай двух вахмістраў удалося ў першую ж гадзіну прывесці некалькі тысяч да месца збору; калі астатнія габрэі ўбачылі, да чаго ідзе справа, то яны далучыліся да калоны так, што прадугледжаную ахоўнай паліцыяй на месцы збору праверку дзякуючы вялізнаму і нечаканаму натоўпу правесці не ўдалося. (У першы дзень прачэсвання разлічвалі толькі на 1-2 тысячы чалавек). Першае прачэсванне скончылася ў 17.00 гадзін і прайшло без здарэнняў. У першы дзень было забіта каля 10 000 чалавек. Ноччу рота знаходзілася на баявой гатоўнасці ў салдацкім клубе…Хворыя габрэі і нямоглыя ў дамах дзеці падвяргаліся кары на месцы. Здарэнняў, за выключэннем аднаго, не было. На падставе таго, што габрэям, якія пакажуць, дзе яны схавалі золата, абяцалі жыццё, з’явіўся адзін габрэй, які паведаміў, што ён схаваў шмат золата. Вахмістр пайшоў за ім. Але так як габрэй марудзіў і прасіў вахмістра падняцца з ім да самога даха, вахмістр вярнуў яго назад у гета да месца збору. Тут габрэй адмовіўся, як усе іншыя габрэі, сесці на зямлю. Раптам ён кінуўся на аднаго кавалерыста эскадрону, выхапіў у таго вінтоўку і палку і пачаў біць таго… У барацьбе габрэя так ударылі сякерай па галаве, што ён упаў на зямлю, застаўся ляжаць. Ён тут жа быў пакараны смерцю…

Месяцам раней, разумеючы, што ўсё ідзе да вялікай бяды, сям’я праваслаўнага святара Канстанціна Комара вырашыла пад пагрозаю смерці ўратаваць жыццё добрай знаёмай.

Настаўніца Дына Пэскер паходзіла з Вільні, дзе скончыла беларускую гімназію. У гады вучобы Дына пасябравала з Марыяй Далінскай, якая ў будучым стане жонкаю айца Канстанціна. Скончыўшы гімназію, шляхі сябровак надоўга разышліся – яны сустрэнуцца ажно праз дваццаць гадоў у Пінску, куды Дына Пэскер прыедзе выкладаць. Праўду кажуць, што сапраўднае таварыства пазнаецца і ў шчасці, і ў бядзе.

У красавіку 1942 года Пінская гарадская ўправа агалошвае рашэнне, паводле якога ўсе габрэі да 1 траўня павінны перабрацца ў гета. Акупацыйныя ўлады выціскалі на працах з вязняў усе сілы, ежы катастрафічна не хапала, замест лячэння і за любое найменшае непаслушэнства – куля. Ад інфекцый і антысанітарыі удзень памірала каля паўсотні вязняў.

У Пінскае гета трапіла і Дына Пэскер. Сям’я Комараў з першых дзён падтрымлівала знаёмую, святар прасіў карнікаў адпускаць яе з ачэпленага квартала для вучобы дзяцей. Рэдка, але такое здаралася, і Дыне аказвалі медыцынскую дапамогу, дапамагалі з харчаваннем. З кожным разам станавілася відавочным, што доўга так працягвацца не можа, канец набліжаўся. Калі нацысты чарговы раз адпусцілі настаўніцу ў дом святара, айцец Канстанцін і матушка Марыя адважыліся на адчайны крок. Яны схавалі сяброўку ў доме, але яе неадкладна трэба было вывезці з Пінска. Сітуацыя да ўсяго ўскладнялася і тым, што суседам Комараў быў кіраўнік гарадской паліцэйскай управы Анатоль Салагуб. Пасля таго, як удалося вырабіць новыя дакументы на імя Галіны Ігнацьеўны Шавель, яе вывезлі ў Дабраслаўку (вёска ў Пінскім раёне), дзе як далёкую сваячку прыняў мясцовы святар. У Дабраслаўцы Шавель прабыла да прыходу Чырвонай Арміі.

Пасля вайны Дына не адмовілася ад шчаслівых для яе ініцыялаў і як Галіна Ігнацьеўна Шавель яна пражыла да апошніх дзён – яшчэ амаль паўстагоддзя. Гэта быў іншы лёс, які злучыў яе з цікавым чалавекам, педагогам, паэтам Мікалаем Абадоўскім. Галіна Ігнацьеўна працягнула настаўніцкую дзейнасць, за што атрымала званні “Заслужаны настаўнік” і “Выдатнік асветы”.

У 2001 годзе ізраільскі інстытут “Яд ва-Шэм” надаў Канстанціну і Марыі Комар званне “Праведнік свету”. Гэты тытул атрымліваюць за выратаванне габрэяў падчас Халакосту, нягледзячы на небяспеку страціць уласнае і жыццё блізкіх.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск