Расейскі гімн можа быць забаронены на Алімпійскіх гульнях-2018
На Алімпійскіх гульнях у Паўднёвай Карэі да Расеі могуць быць прымененыя штрафы ў сувязі з выкарыстаннем допінгу расейскімі спартоўцамі на мінулай алімпіядзе ў Сочы. У тым ліку, разглядаецца забарона расейскага гімну і пазбаўленне расейскіх спартоўцаў права ўдзельнічаць у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў.
Да адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў у горадзе Пхёнчхан у Паўднёвай Карэі засталося каля трох месяцаў. Прадстаўнікі Міжнароднага Алімпійскага камітэта павінны вырашыць, ці будуць прымененыя санкцыі да Расеі ў сувязі з парушэннямі расейскімі спартоўцамі допінгавых стандартаў на мінулых гульнях.
Згодна з расследаваннем, у расейскай допінгавай схеме ўдзельнічалі каля 1000 спартоўцаў з 30 розных відаў спорту.
Як паведамляе New York Times, на гэтых Алімпійскіх гульнях у якасці штрафу для Расеі можа быць прынята забарона расейскага гімну, забарона расейскім спартоўцам удзельнічаць у цырымоніі адкрыцця, а таксама ўдзел у алімпіядзе ў нейтральнай форме пад нейтральным сцягам.
Рашэнне аб санкцыях супраць Расеі стане вядомым 5 снежня, калі адбудзецца агульнае паседжанне кіраўнікоў Алімпійскага камітэта.