За інтэрв’ю незалежным СМІ цяпер ідуць пад суд



У судзе Кобрынскага раёна 9 лістапада будзе разглядацца адміністрацыйная справа, заведзеная на Сяргея Фалейчыка. Ён таксама даў інтэрв’ю незалежным СМІ, што было расцэнена як „удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”.

Па інфармацыі “Берасцейскай вясны”, пратакол правапарушэння складзены паводле падзеяў, якія мелі месца ў Менску 21 кастрычніка. У гэты дзень падчас акцыі апазіцыі Сяргей Фалейчык даў інтэрв’ю незалежным СМІ. Гэта і стала падставай дзеля пачатку адміністрацыйнай справы паводле арт. 23.34 КаАП „удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”.

Такім чынам, Фалейчыка, пасля Уладзіміра Някляева і Валерыя Мінца, спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за нібыта заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Маёр міліцыі Аляксандр Салдаеў склаў на Фалейчыка пратакол адміністрацыйнага правапарушэння 1 лістапада,  а на наступны дзень справу перадалі ў суд. Намеснік старшыні суда Кобрынскага раёна Пётр Цімашэнка прызначыў разгляд справы на 9 лістапада.

Нагадаем, што суд Лідскага раёна 4 лістапада спыніў справу актывіста з Ліды Валерыя Мінца, абвінавачанага ў закліку да несанкцыянаванай акцыі, не знайшоўшы ў матэрыялах справы падстаў для адміністратыўнага пераследу. А вось Уладзіміра Някляева 1 лістапада асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту таксама нібыта за заклік да несанкцыянаванай акцыі. 

Падобна, што за інтэрв’ю незалежным СМІ, у якіх актывісты выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, цяпер можна патрапіць пад суд.

Паводле spring96.org

Фота brestspring.com