Юрась Беленькі: Свайго не шануем, а забойцам кветкі носім



Намеснік старшыні Партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі распавядае пра тое, каму сёння падабаюцца савецкія святы, і чаму не ўшаноўваюцца нацыянальныя.

Днямі каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй прамове падчас імшы назваў Кастрычніцкую рэвалюцыю, якая дагэтуль адзначаецца як свята ў Беларусі 7 лістапада, «экзістэнцыяльнай катастрофай» і заклікаў імкнуцца да таго, каб зрабіць выходнымі Дзяды.

Юрась Беленькі: Вельмі слушная прапанова з боку спадара Кандрусевіча, тым больш, што Дзяды ўжо былі выходным днём. Якраз за гэта я са сваімі калегамі-дэпутатамі ў свой час галасаваў у парламенце. Мы, дарэчы, зрабілі выходнымі не толькі Дзяды, але і некалькі дзён падчас свята Нараджэння Хрыстова, Вялікадня. Гэтыя дні для беларусаў і ёсць сапраўдныя святы.

РР: Ці адгукнуцца ўлады на прапанову каталіцкага мітрапаліта?

Юрась Беленькі: Не ведаю, бо ў свой час яны ж адмянілі выходныя на Дзяды. І тут усё лагічна. Беларуская ўлада знаходзіцца пад кантролем Расеі, і Крэмль стаў рэалізоўваць у Беларусі сваю палітыку мэтанакіраванага вынішчэння ўсяго нацыянальнага і беларускага – мовы, культуры… І так ва ўсіх сферах. Зрабілі так, каб беларусы не памяталі пра свае святы і традыцыі, пра адраджэнне. Цяпер улады наўрад ці адгукнуцца на прапанову каталіцкага мітрапаліта, бо сітуацыя ў эканоміцы не простая, а ўмовы дыктуе Масква. Што скажуць у Крамлі, тое і зробяць. Думаю, не захочуць саступіць нават у гэтым. Затое 7 лістапада ў нас застаецца дзяржаўным святам. Забойцам Сталіну і Леніну кветкі носім, а свае нацыянальныя святы не ўшаноўваем на дзяржаўным узроўні.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя