Ці знізіўся ўзровень рэпрэсій?



Былы палітвязень і экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Андрэй Клімаў параўноўвае сённяшні ўзровень рэпрэсій у Беларусі з тым, што быў у 90-я і 2000-я гады.

Андрэй Клімаў: Калі параўноўваць з тым, што было да 2007 году (сюды можна дадаць і снежаньскія падзеі 2010 году), сёння ў нас рэпрэсій па сутнасці няма. Безумоўна, штрафы і суткі адміністрацыйнага пакарання – гэта, што называецца, таксама не падарунак, але, прабачце, сітуацыя не такая, што за дробязь можна было атрымаць некалькі год турмы. І ў турме стваралі такія ўмовы, каб на волю выйшаў паўжывы. Таму, на мой погляд, людзі, якія сёння церпяць з-за сваіх перакананняў, павінны не скардзіцца з-за штрафаў ці сутак, а працягваць змаганне. Калі ж спыніліся – значыцца гэта былі не байцы па перакананнях, а прадстаўнікі палітычнага бізнесу.

РР: Улада ў плане рэпрэсій трансфармуецца?

Андрэй Клімаў: Ва ўладзе зараз таксама шмат маладых, якія чытаюць Інтэрнэт, ведаюць пра заходні вобраз жыцця, і якія не жадаюць патрапіць у чорны спіс невыязных за межы краіны. Новая фармацыя не такая крыважэрная, як іх папярэднікі савецкай загартоўкі. Таму ўлада, безумоўна, трансфармуецца, хаця на пэўным узроўні тыя ж самыя рэпрэсіі захоўваюцца. Да таго ж, вопыт падзей ва Украіне прымушае гэта рабіць, бо трэба захоўваць стабільную сітуацыю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя