Анатоль Паўлаў: Рэальных школьных рэформ няма
“Патрэбна сістэма адукацыі з талковымі спецыялістамі і нармальным фінансаваннем”, – лічыць былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў.
Міністэрства адукацыі анансавала адмену экзаменаў для паступлення ў гімназіі пасля чацвёртага класа. Зараз у гімназію дзеці змогуць патрапіць па прапісцы, а да 10-га класа ў гімназіях і школах будзе аднолькавая праграма. Чарговая школьная рэформа?
Анатоль Паўлаў: Гэта не рэформы, а скачкі з боку ў бок, і толку ад такіх перастановак няма ніякага. Рэальных школьных рэформ няма. Калі мы ў свой час вучыліся, была моцная школа, моцныя настаўнікі. Каб паступіць у ВНУ, не патрэбны былі нават рэпецітары. І без штогадовых “рэформ” неяк абыходзіліся. Ды яны і не патрэбны, калі створана нармальная сістэма адукацыі з талковымі спецыялістамі і нармальным фінансаваннем.
РР: Каму тады патрэбны такія псеўдарэформы?
Анатоль Паўлаў: Гэта для мяне пытанне з пытаннеў. Здаецца, нікому не патрэбна, каб школу кідала з боку ў бок, але ж кожны год пачынаецца старая песня. Калі ўводзілі дзесяцібальную сістэму адзнак, усе ў адзін голас запелі: “Ай, як цудоўна прыдумалі!” Маўляў, гэта больш гнуткі падыход да ацэнкі ведаў. А я заўсёды казаў, што гэта пустое. Давайце тады возьмем ліванскую сістэму ацэнак – стобальную. Яна яшчэ больш гнуткая. А цяпер аказваецца, што дзесяцібальная сістэма – гэта крыху не тое, пра што думалі, і пяцібальная нічым не горшая. Навошта тады гэта рабілі? Зараз кажуць, што і тэсты не самы лепшы варыянт. Адным словам, чыноўнікі паказваюць бачнасць працы і прыдумваюць нейкія свае чарговыя глупствы, якія прадстаўляць як рэформы. А воз, тым часам, застаецца на месцы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя