Леў Марголін: Крэдыты бяруць не ад добрага жыцця



Эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму за апошні час банкі павялічылі аб’ём крэдытавання насельніцтва аж у паўтара раза.

Па звестках Нацыянальнага банка, на 1 кастрычніка запазычанасць фізічных асоб па спажывецкіх крэдытах склала рэкордныя 2,56 млрд рублёў. З пачатку гэтага года паказчык запазычанасці вырас на 868,6 млн рублёў, або на 48,8%.

Леў Марголін: Ёсць некалькі нагод для таго, чаму банкі ў апошні час павялічваюць аб’ём крэдытавання насельніцтва. Па-першае, рэальныя даходы насельніцтва падаюць, нягледзячы на звесткі статыстыкі. Вядома, што крэдыты бяруць не ад добрага жыцця, але тым, хто ўжо прызвычаіўся жыць больш-менш прыстойна, цяжка перайсці на іншую парадыгму. Па-другое, стаўкі па крэдытах усё-такі зніжаюцца, і сённяшнія 10-12 адсоткаў – гэта не 45 %. У Беларусі ўвогуле ў апошні час расцвіло мікракрэдытаванне, дзе стаўкі па крэдытах дасягалі да 300 адсоткаў гадавых. Таму сённяшнія стаўкі для народа – цалкам прымальная рэч.

РР: Многія бяруць крэдыты на будаўніцтва жылля. Ці адаб’ецца гэта на коштах на нерухомасць?

Леў Марголін: Думаю, не будзе вялікага ўплыву крэдытавання на кошты на квадратныя метры. І не варта чакаць, што масава пачнуць браць крэдыты на пабудову жылля. Дастаткова складана затым вяртаць іх з адсоткамі, не кожны гэта пацягне. Мне падаецца, што для людзей будуць больш прывабнымі кароткатэрміновыя крэдыты – на некалькі месяцаў ці на год. Гэта не так заўважна для бюджэту – асабліва калі сума невялікая.

РР: Адным словам, народ працягне браць такія крэдыты?

Леў Марголін: Безумоўна. Будуць браць крэдыты і будзе частковае іх невяртанне. Мяркую, аб’ём крэдытавання насельніцтва будзе расці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя