Беларусь зацікаўлена ў транспартным праекце „Поўнач-Поўдзень”



Беларусь вельмі зацікаўлена ва ўдзеле ў праекце транспартнага калідора „Поўнач-Поўдзень”, сказаў журналістам на брыфінгу ў Баку першы намеснік начальніка Беларускай чыгункі Ігар Шылаў.

„Развіццё транспартных сувязей, несумненна, надасць дадатковыя магчымасці для развіцця эканомік нашых краін, для развіцця бізнесу, дзеля чаго і існуе транспарт. Хачу падзякаваць Азербайджанскім чыгункам за магчымасць і за запрашэнне ўдзельнічаць у гэтым праекце. Мы ўпэўнены, што Беларуская чыгунка знойдзе дастойную нішу для ўдзелу ў гэтым праекце, што будзе карысна ўсім бакам”, – сказаў Ігар Шылаў.

У Баку 7-8 лістапада праходзіць чатырохбаковая сустрэча рабочай групы па развіцці заходняга напрамку міжнароднага транспартнага калідора „Поўнач-Поўдзень” паміж Іранам, Расеяй, Азербайджанам і Беларуссю.

„На мерапрыемстве абмяркоўваюцца пытанні фарміравання ўзгодненай тарыфнай палітыкі і стварэнне канкурэнтаздольных тарыфаў пры арганізацыі вагонных перавозак па маршруце Беларусь – Расея – Азербайджан – Іран, патэнцыяльныя магчымасці выкарыстання калідора „Поўнач-Поўдзень” для перавозкі вагонаў і кантэйнераў у гэтым напрамку, устаноўка платы за карыстанне ўласным паркам рухомага саставу на гэтым маршруце, а таксама магчымасці прыцягнення на яго вагонаў інвентарнага парку і іншыя пытанні”, – паведамілі ў ЗАТ „Азербайджанскія чыгункі”.

Транспартны калідор „Поўнач-Поўдзень” прызначаны злучыць Паўночную Еўропу з Паўднёва-Усходняй Азіяй, у тым ліку аб’яднаць чыгункі Азербайджана, Ірана і Расеі. На першым этапе па калідоры плануецца транспартаваць 5 млн т грузаў у год, а ў далейшым – больш за 10 млн т грузаў.

belta.by