Тыдзень супраць фашызму
Тыдзень супраць фашызму і антысемітызму правядуць у Беларусі шэраг праваабарончых арганізацый. Ён пачнецца 9 лістапада.
Па словах прадстаўніка грамадскай ініцыятывы „Х’юман Канстанта” Валдзіса Фугаша, тыдзень праводзіцца чацвёрты год запар. Сёлета менавіта „Х’юман Канстанта” стала галоўным арганізатарам.
– Разам з вялікай колькасцю арганізацый і ініцыятываў па ўсёй краіне мы плануем правесці цэлы шэраг мерапрыемстваў у розных гарадах Беларусі. У нас ёсць некалькі мэтаў. Адна з першых мэтаў – прыцягнуць увагу да той праблемы, што вялікую папулярнасць зноў набываюць агрэсіўныя, дыскрымінацыйныя практыкі ў дачыненні да асобных груп людзей. Другая мэта – гэта прапанова абмеркаваць глыбінныя прычыны гэтых таталітарных, фашызоідных з’яваў. І таксама мы прапануем разам падумаць, чым можна адказаць на гэтыя агрэсіўныя практыкі.
У межах тыдня супраць фашызму і антысемітызму пройдзе шэраг мерапрыемстваў у гарадах Беларусі. Гэта будуць прагляды і абмеркаванні фільмаў ды кнігаў, выставы, лекцыі, экскурсіі па месцах, звязаных з Халакостам.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя