Беларускі сустрэнуцца з амерыканкамі ў фінале Кубка Федэрацыі
Тэнісісткі зборнай Беларусі рыхтуюцца даць сур’ёзны бой амерыканскай камандзе ў фінале Кубка Федэрацыі. Аб гэтым заявіў 8 лістапада журналістам капітан беларускай каманды Эдуард Дуброў.
Саперніцы ў беларусак вельмі сур’ёзныя – першы нумар зборнай ЗША Коко Вандэвеге ў канцы мінулага тыдня дайшла да фіналу на турніры ў Кітаі і ўвайшла ў першую дзясятку сусветнага рэйтынгу, а Слоан Стывенс займае 13-е месца. Шэлбі Роджэрс на 59-м радку, Элісан Рыске замыкае топ-70 рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. Хоць пазіцыі беларусак ніжэйшыя, у прыватнасці першы нумар каманды Арына Сабаленка 78-я, тэнісісткі рыхтуюцца да сустрэчы вельмі сур’ёзна і пастараюцца парадаваць балельшчыкаў добрай гульнёй, адзначыў капітан беларускай каманды.
Эдуард Дуброў падкрэсліў, што ўсе яго падапечныя ў добрай форме, у іх прыкметны прагрэс у параўнанні з папярэднімі сустрэчамі. Настрой і ў тэнісістак, і ва ўсіх, хто дапамагае ім у падрыхтоўцы, цудоўны, што ўсяляе ўпэўненасць перад гульнёй са зборнай ЗША. Гаворачы пра адсутнасць Вікторыі Азаранка, капітан сказаў, што яна тым не менш будзе падтрымліваць тэнісістак, а пазней пастараецца вярнуцца ў склад нацыянальнай зборнай і паспяхова выступаць на турнірах у 2018 годзе.
На думку Эдуарда Дуброва, фаварытаў у маючым адбыцца фінале няма. „Каманды выходзяць на корт, іх падзяляе толькі сетка, фаварыт вызначыцца ў час гульні”, – адзначыў ён.
Фінальны матч Кубка Федэрацыі паміж тэнісісткамі ЗША і Беларусі пройдзе 11-12 лістапада на корце „Чыжоўка-Арэны”. Паводле даных арганізатараў, на трыбунах чакаецца аншлаг – усе білеты прададзены ўжо.
Да гэтага тэнісныя зборныя Беларусі і ЗША ў Кубку Федэрацыі сустракаліся толькі аднойчы: у лютым 2012 года амерыканкі перамаглі на сваёй арэне з лікам 5:0. Зборная Беларусі ўпершыню прабілася ў фінал, а каманда ЗША 17 разоў станавілася пераможцай Кубка Федэрацыі.
У гэтым сезоне беларускія тэнісісткі па чарзе перамаглі ў Менску саперніц з Нідэрландаў (4:1) і Швейцарыі (3:2), а амерыканкі дома перамаглі зборныя Германіі (4:0) і Чэхіі (3:2).
Цяпер у камандным рэйтынгу жаночых зборных Беларусь займае другую пазіцыю, ЗША знаходзіцца на трэцім месцы, а наперадзе каманда Чэхіі.