Партыя БНФ і Рух „За свабоду” адзначаць угодкі Слуцкага Збройнага Чыну



8 лістапада ў Слуцкі райвыканкам прадстаўнікамі Партыі БНФ і Руху „За свабоду” пададзеная заяўка на правядзенне дэманстрацыі і мітынгу ў Слуцку 25 лістапада гэтага году. Заяўку падпісалі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, намеснік кіраўніка Руху „За свабоду” Юры Меляшкевіч, сябра Сойму партыі БНФ Павал Батуеў і сябра Рады Руху „За свабоду” Вольга Быкоўская.

Плануецца збор удзельнікаў у 14:30 каля кінатэатра «Беларусь» у Слуцку, дэманстрацыя ды мітынг у Цэнтральным парку. Перад гэтым удзельнікі мерапрыемстраў з Менску традыцыйна наведаюць навакольныя вёскі Грозаў, Семежава ды Чырвоная слабада (Вызна), дзе ўшануюць мясціны, звязаныя з падзеямі Слуцкага Збройнага Чыну.

Старшыня Руху „За свабоду” Юры Губарэвіч заявіў з нагоды запланаваных мерапрыемстваў: ”Для нас Слуцкі збройны чын – гэта перадусім змаганне за свабоду. Ён заклаў фундамент для таго, каб беларусы маглі будаваць годнае, самастойнае жыццё без загадаў з Усходу ці Захаду. А для сучаснай моладзі падзеі, якія адбыліся 97 год таму, павінны стаць доказам каштоўнасці беларускай незалежнасці, разбурыць міф пра тое, што яна звалілася з неба, паказаць, што дзеля незалежнай Беларусі працавалі і аддавалі свае жыцці шмат пакаленняў нашых суайчыннікаў”.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў: “Мы кожны год ушаноўваем памяць герояў Случчыны. Яны мужна, дабраахвотна пайшлі ваяваць за незалежную Беларусь, за тое, каб беларусы жылі годна і заможна ды былі сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі і мелі сваю дзяржаву. І ўшаванне іх подзвігу мусіць не толькі натхняць цяперашнія пакаленні беларусаў ды ўмацоўваць нашую нацыянальную годнасць, але і нагадваць любым патэнцыйным агрэсарам, што беларусы здольныя і будуць бараніць сваю краіну”.

Адказ Слуцкі райваканкам паводле закону павінны дыць не пазней за пяць дзён да планаванага мерапрыемства. У мінулым годзе заяўка на правядзенне дэманстрацыі і мітынгу ў Слуцку была задаволеная і мерапрыемствы адбыліся без перашкодаў.

Управа Партыі БНФ