Гомельцы дабіваюцца звальнення дырэктара школы №67
Больш за 500 чалавек падтрымалі інтэрнэт-петыцыю за звальненне дырэктара гомельскай школы №67. Да прызначэння на дырэктарскую пасаду Ганна Мельнікава ўзначальвала гарадскі аддзел адукацыі. Паводле словаў педагогаў, за два месяцы працы дырэктар справакавала канфлікт у настаўніцкім калектыве, а таксама практычна знішчыла эстэтычны напрамак дзейнасці школы. Музыкі, харэографы і мастакі гатовыя напісаць заявы аб звальненні.
Намеснік дырэктара па вучэбнай працы Ірына Ткачова зазначае, што першапачаткова ўсе настаўнікі былі настроеныя канструктыўна ў дачыненні да новага кіраўніка, але пасля беспадстаўнага звальнення некалькіх калегаў педагогі абурыліся.
Ірына Ткачова:
– Мы не хочам рэвалюцый, нам ніхто не даваў права мяняць альбо прызначаць дырэктара. Настаўнікі хочуць проста спакойна працаваць, каб нашыя вучні адчувалі сябе камфортна ў сценах школы. Мы хочам захаваць калектыў. А ўвогуле, мы проста стаміліся ад крыкаў, пагроз.
Педагогі заўважаюць, што адразу па прыходзе на пасаду Ганна Мельнікава заявіла, што «цяпер нічога не будзе, як раней». І перайшла ад словаў да справаў.
«У прыватнасці, нас абвінавацілі ў тым, што настаўнікі эстэтычнага напрамку (музыкі, мастакі, харэографы) бралі бюджэтныя грошы на нейкія незразумелыя паездкі. Гэта настолькі сур’ёзнае абвінавачанне, што мы не можам пакінуць такое без увагі. Зазначым, што галоўны бухгалтар аддзела адукацыі Гомельскага гарвыканкама і начальства з выканкама ўжо заявілі, што такога не было, што ўсе грошы настаўнікі атрымлівалі выключна згодна калектыўнай дамове за вынікі, за ўдзел дзяцей у міжнародных конкурсах», — адзначае Ірына Ткачова.
Настаўнік музыкі Ірына заўважае, што дырэктар не разумее сэнсу ўдзелу школьных калектываў у нацыянальных і міжнародных конкурсах.
Ірына:
– На педагагічнай нарадзе было заяўлена пра немэтазгоднасць паездак на конкурсы. Рэзультат ад такога падыхода будзе адзін: не будзе паездак – не будзе пацверджаны статус узорных калектываў. Гэта значыць, з высокімі паказнікамі паспяховасці, з рэйтынгам школы можна развітацца.
Педагогі школы №67 лічаць, што адзіным вырашэннем канфліктнай сітуацыі можа быць толькі прызначэнне больш кампетэнтнага кіраўніка.
Школа №67 – адна з самых вялікіх у Гомелі, у якой вучацца каля 2 тысячаў дзяцей. Эстэтычны напрамак дзейнасці школы быў адным з прыярытэтных з моманту адкрыцця ўстановы ў 2000-м годзе. У канцы кастрычніка каля 150 бацькоў і 30 настаўнікаў напісалі калектыўны зварот у Міністэрства адукацыі, Адміністрацыю прэзідэнта і Камітэт дзяржкантролю з патрабаваннем адстаўкі дырэктара Ганны Мельнікавай.
Пазней на сайце zvarot.by стартавала інтэрнэт-петыцыя з патрабаваннем звальнення дырэктара гомельскай школы №67 Ганны Мельнікавай. 10 лістапада подпісы будуць накіраваныя мясцовым уладам, у Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства культуры.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота tut.by