Ці выраслі заробкі навукоўцаў у Год навукі?



Былы кіраўнік Акадэміі Навук Беларусі Аляксандр Вайтовіч распавядае пра тое, як ацэньваецца праца навукоўцаў.

Не так даўно навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі Віталь Ашэйчык апублікаваў у Фэйсбуку разліковы лісток за верасень. Заробак маладога навукоўца-археолага пасля выліку падаткаў складаў каля 245 рублёў.

Аляксандр Вайтовіч: Хадзілі чуткі, што быццам бы збіраліся палепшыць заробкі навукоўцам у Год навукі, але ўсё гэта так і засталося на ўзроўні чутак. На сёняшні дзень сітуацыя застаецца ранейшая – людзі атрымліваюць не вельмі шмат.

РР: Чаму так атрымалася, што навукоўцы аказаліся ў ліку нізкааплочваемых катэгорый?

Аляксандр Вайтовіч: Такая дзяржаўная палітыка. У савецкія часы, напрыклад, навукоўцы былі ў вялікай пашане – яны добра зараблялі, мелі іншыя прэферэнцыі. Людзі працавалі над навукай і ведалі, што ім не трэба думаць пра тое, як накарміць сям’ю. Пасля развалу Саюза развалілася і ўся гэтая сістэма ды так з таго часу і не аднавілася. 

РР: Ці выйшлі ў Акадэміі на сярэдні заробак у 500 даляраў?

Аляксандр Вайтовіч: Думаю, сёння сярэдні заробак навукоўца – каля 800 рублёў (400 даляраў). Натуральна, што маладыя спецыялісты атрымліваюць значна менш.

РР: А ці можна маладым навуковым спецыялістам знайсці нейкую падпрацоўку?

Аляксандр Вайтовіч: Не ведаю, як для маладых, але для больш сталых навукоўцаў заўсёды галоўнай дадатковай крыніцай прыбытку была праца ў ВНУ. Але гэта і патрэбна, бо вучоныя павінны перадаваць свае веды моладзі. Так робіцца ва ўсім свеце. Хаця былі выпадкі, калі нейкая фірма звярталася да вучоных за дапамогай і, натуральна, праца таксама аплочвалася. Увогуле, на Захадзе навукоўцы, калі выходзяць на пенсію, ужо лічацца досыць забяспечанымі людзьмі. За час сталай працы яны забяспечваюць сябе да канца жыцця. Беларускім вучоным пра гэта застаецца толькі марыць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя