Лябедзька: Расея актывізуе свой уплыў на Беларусь



Сёння не Еўрапейскі саюз, а Расея актывізуе свае праграмы ўплыву на Беларусь, заявіў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька 10 лістапада ў Вільні на кансультацыях з дэпутатамі літоўскага сейма.

Паводле яго слоў, Расея „стала праводзіць больш мерапрыемстваў для тых, хто падтрымлівае рускі свет”, працягваецца яе медыйная прысутнасць у краіне праз тэлеканалы, якія вяшчаюць у Беларусі.

З іншага боку, адзначыў палітык, Еўразвяз скарачае падтрымку грамадскіх праграм у Беларусі. Галоўным грантаатрымальнікам, паводле яго слоў, апошнім часам „становіцца ўлада”. Падтрымка з боку ЕЗ ідзе нават на судовую сістэму, якой „у Беларусі проста няма”, падкрэсліў Лябедзька.

Паводле яго слоў, улады Беларусі і ЕЗ нават сталі ствараць „фэйкавыя дыялогавыя пляцоўкі”. „Патрэбны актуальны парадак дня, які вядзе да рэальных перамен, а не іх імітацыі”, — падкрэсліў лідар АГП.

У кансультацыях з дэпутатамі сейма таксама ўдзельнічаюць лідар руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі, генеральны сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мечаслаў Грыб, намеснікі старшыняў Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук і Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Валерый Ухналёў.

belapan.com