Да гадавіны Слуцкага збройнага чыну



Партыя БНФ і Рух „За свабоду” разам плануюць адзначыць чарговую гадавіну Слуцкага збройнага чыну шэсцем і мітынгам у Слуцку. Адпаведная заяўка ўжо накіраваная мясцовым ўладам.

Сярод тых, хто яе падпісаў, – старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

– Ужо склалася традыцыя, што спачатку выязджаем у складзе некалькіх дзясяткаў чалавек. Да дэлегацыі з Менска далучацца мясцовыя прадстаўнікі Партыі БНФ і Руху “За свабоду” і прадстаўнікі з іншых рэгіёнаў. Будзе наведванне вёсак, дзе адбываліся падзеі тых часоў. Пасля плануем шэсце ў горадзе Слуцку і невялічкі мітынг.

Рыгор Кастусёў спадзяецца, што да мерапрыемства далучацца актывісты  іншых партыяў і грамадскіх арганізацый і яно атрымаецца запамінальным і годным. А ўлады не будуць чыніць перашкодаў ушанаванню памяці змагароў за незалежнасць Беларусі. Таму што гэта агульная гісторыя для ўсіх жыхароў нашай краіны. І тых, хто ва ўладзе, і тых, хто ў апазіцыі, – падкрэсліў Рыгор Кастусёў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота narodny.org