У Берасці новы пакараны за “Марш абураных беларусаў 2.0”



Яшчэ аднаго берасцейца пакаралі за ўдзел у “Маршы абураных беларусаў 2.0”, які адбыўся 21 кастрчыніка ў Менску. 20 базавых велічынь штрафу атрамаў Уладзімір Дземенціюк за “ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.

Берасцеец сапраўды быў у той дзень на месцы правядзення акцыі, але не з палітычных прычынаў.

– Прыехаў у Менск на акцыю папрасіць дапамогі ў журналістаў, бо ведаў, што будзе прамы эфір. Падчас акцыі звярнуўся да журналістаў. Адвакат па невядомай мне прычыне не змагла прадставіць гэтую відэазапіс у судзе, хаця я яе прасіў, бо захаваныя ўсе скрыншоты. Спачатку журналісты сказалі, што пакуль што здымкі не вядуць, каб я звярнуўся да іх падчас акцыі. Я пайшоў за журналістамі. На акцыі плакатаў не трымаў, лозунгі не выкрыкваў, толькі даваў інтэрв’ю журналістам, у якіх прасіў дапамогі.

Справу Дземенціюка разглядала суддзя Суда Маскоўскага раёна Берасця Руслана Сянько. На ейны разгляд прыйшлі сябры Уладзіміра, грамадскія актывісты і прадстаўніца Беларускага хельсінскага камітэту (БХК) Святлана Алясюк:

– Я тут згодная з адвакатам, бо сапраўды быў мітынг, і гэты чалавек там быў. Але ён туды прыйшоў са сваёй праблемай. І я зусім не разумею, у чым яго абвінавачваюць. Бо ён там хацеў вырашыць сваю праблему, бо ў яго нічога самастойна не атрымліваецца.

Уладзімір Дземенціюк збіраецца абскарджваць дадзенае рашэнне ў вышэйшых судовых інстанцыях.

Раней, у суботу 4 лістапада, за ўдзел у “Маршы абураных беларусаў 2.0” была асуджана яшчэ адна берасцейка, абласны каардынатар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Наталля Папкова. Суд Ленінскага раёна гораду прысудзіў ёй 15 сутак.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

Фота аўтара