Справа 1975 г. “Антысавецкія праявы і правакацыйныя пытанні”. Польскія студэнты ў СССР
Першыя польскія студэнты з’явіліся ў СССР яшчэ ў 1946 годзе. 14 польскіх юнакоў выправіліся навучацца ў ВНУ Менска, Кіева і Масквы. Не варта і казаць, што на вучобу ў СССР выпраўлялі толькі тых палякаў, чые біяграфіі не выклікалі сумневу ў Ministerstwа Bezpieczeństwa Publicznego, а ўжо ў СССР пра настроі польскай моладзі аператыўныя крыніцы дбайна інфармавалі куратараў МГБ.
У 1950 годзе ў СССР было 472 польскіх студэнты, у 1960-м – больш за тысячу. Усяго з 1950 па 1985 год савецкія дыпломы атрымалі 12 809 грамадзянаў ПНР. Палякі пераважна вучыліся на факультэтах, “перспектыўных для савецка-польскай супрацы”: расейская мова, марксісцка-ленінская філасофія, сацыялістычная эканоміка, і ў меншай ступені – у тэхнічных, медыцынскіх і мастацкіх ВНУ. Савецкія ўлады глядзелі на тых студэнтаў як на будучых агентаў уплыву: маўляў, пры правільнай апракоўцы мазгоў маладыя палякі стануць у сваёй ПНР праваднікамі ідэй савецкага інтэрнацыяналізму.
Але ў сямідзесятыя гады гэтая палітыка дала першыя расколіны…
* * *
Эпоха сямідзесятых у Польшчы моцна адрознівалася ад брэжнеўскага застою з ідэалагічнымі ўдаўкамі і татальнымі забаронамі. Часы Эдварда Герэка, пры ўсёй іх неадназначнасці, запомнілася суадноснай свабодай: эканамічнай, культурнай і рэлігійнай.
А таму маладыя палякі, якія траплялі ў СССР, не маглі ўцяміць шмат якія рэчы. Савецкіх людзей цкуюць за святкаванне Раства і Вялікодня… а чаму, калі “свабода веравызнанняў” прапісаная ў савецкай канстытуцыі? Савецкую моладзь гвалтоўна заганяюць у камсамол… а навошта, калі далёка не ўсе туды пнуцца? У СССР падкэслена непрыязнае стаўленне да ўсіх праяваў заходняй культуры… нават рок-музыка не вітаецца!
Студэнты з Варшавы, Кракава, Гданьска і Беластока былі занадта сапсаваныя суадноснымі свабодамі ў ПНР. А гэтыя маладзёны і не сароміліся задаваць уголас вельмі нязручныя дла савецкіх ідэолагаў пытанні. Не варта і казаць, што пытанні польскіх правакатараў скурпулёзна фіксаваліся кагэбэшнай агентурай.
КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
4 мая 1975 г.
ИНФОРМАЦИОННОЕ СООБЩЕНИЕ
КГБ (…) получены данные о нездоровых проявлениях студентов Польской Народной Республики. Во время лекций и семинарских занятий польские студенты постановкой тенденциозных вопросов пытаются навязать провакационные дискуссии, высказывают клеветнические суждения о политике СССР и советской действительности.
Студент Кшиштоф Собчак на занятиях по истории КПСС доказывает, что «…в СССР отсутствуют демократические свободы, граждане повторяют все под диктовку партии и правительства, боясь высказывать собственные взгляды и мысли. Его поддержал Анджей Пионтковский.
(…)
Студент Кристиан Боруцки заявил: «Мы, поляки, не согласны и осуждаем политику вашей партии в вопросах религии. У вас в стране нет свободы совести для всех людей, в частности, в вопросах вероисповедания….»
(…)
В одной из бесед об интернациональном воспитании молодежи, проводившейся в студенческом общежитии, Боруцкий сказал: «В Советском Союзе насаждается культ личности одного из руководителей ЦК КПСС. В СССР существует диктатура партии, т. к. никогда нет возражаний против ее решений, у вас не ведутся диспуты по партийным решениям, а как партия говорит вам, так вы и делаете»
(…)
Во время приема зачетов по философии у Томаша Ляховича, Евы Матчук, Анджей Спленгрера и Петра Витчука на вопрос преподавателя об отношении марксизма к религии, они отвечали: «…никакого вреда в религии нет. Мы стоим на религиозных позициях и марксизм не признаем, считаем его несостоятельным»
(…)
Мала хто цяпер памятае, што ўсе замежныя студэнты, у тым ліку і польскія, пры паступленні ў савецкія ВНУ падпісывалі адмысловыя дэкларацыі. Замежнікі абяцалі выконваць савецкія законы і паважаць савецкія традыцыі, а савецкі бок, адпаведна, гарантаваў замежнікам усе свабоды, зафікаваныя савецкай канстытуцыяй, у тым ліку свабоду слова і свабоду веравызнанняў.
Так што фармальна ў абурэнні польскіх студэнтаў савецкай рэчаіснасцю нічога супрацьзаконнага не было.
Але ж быў яшчэ і нефармальны бок праблемы. Непрыхаваная контрэвалюцыя, якую выказвалі маладыя польскія паклёпнікі, ды яшчэ публічна, на лекцыях і семінарах, выглядала заразай, якую трэба было неадкладна спыніць!
ИЗ ИНФОРМАЦИОННОГО СООБЩЕНИЯ КГБ СССР
(…)
Указанные действия и заявления польских студентов оказыват политически вредное влияние на советских студентов и вызывают справедливое возмущение со стороны общественности института
(…)
Польскіх студэнтаў сталі па адным выклікаць да прарэктараў па працы з замежнікамі, дзе ім чыталі лекцыі пра савецкі інтэрнацыяналізм і клопат пра моладзь партыі, ураду і асабіста таварыша Леаніда Ільіча Брэжнева. Падсылалі камсамольскіх актывістаў для нефармальных размоваў. Супраць некаторых ужывалі міліцэйскія правакацыі – ад штрафаў за “лаянку матам у публічным месцы” да крымінальных артыкулаў “за распаўсюд парнаграфіі”. Самым зацятым антысаветчыкам ставілі па тры “двойкі” на сэсійных іспытах, што аўтаматычна азначала выключэнне з ВНУ.
Але ўлады нечакана сутыкнуліся з арганізаваным адпорам.
ИЗ ИНФОРМАЦИОННОГО СООБЩЕНИЯ КГБ СССР
(…)
Анджей Пиотровский, выражая недовольство якобы предвзятым отношением администрации вуза, студенческого совета и деканата к его соотечественникам, заявил преподавателю Петрову Е. П.: «Это до первого чрезвычайного происшествия. Когда мы организуем забастовку, пусть почувствуют, что с нами надо обращаться по-другому».
Да страйку, вядома ж, не дайшло; у КГБ быў багаты досвед па спыненні антысавецкіх правакацый. Бо інфармацыя пра страйк студэнтаў з сацыялістычнай Польшчы ў савецкіх ВНУ напэўна была б адразу паходпленая подлымі радыёбрахалкамі кшталту “Голаса Амерыкі”, Бі-Бі-Сі і “Радыё Свабоды”, а гэта, у сваю чаргу, азначала, што шмат у каго паляцелі б галовы і пагоны.
Для ўпраўлення мазгоў палітычна няспелых студэнтаў вырашылі прыцягнуць таварышаў з польскіх кансулятаў. Невядома, якім чынам польскія камуністы ўплывалі на маладых контрэвалюцыянераў, але на працягу наступных шасці гадоў ніякіх масавых антысавецкіх праяваў сярод польскага студэнцтва ў не зафіксавана.
Наступны выбух антысавецкіх настрояў сярод маладых палякаў у савецкіх ВНУ адбыўся толькі ў 1981 годзе, з увядзеннем у Польшчы ваеннага стану…
* * *
У наступнай перадачы вы дазнаецеся пра тое, як у СССР упершыню патрапілі каларадскія жукі, у з’яўленні якіх савецкая прапаганда абвінавачвала ЦРУ.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя выказвае падзяку Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання 232