У аптэках узмацнілі кантроль за лекамі



Нядаўна Міністэрства аховы здароўя прыняло пастанову, згодна з якой рэцэпты лекара пры куплі лекавых сродкаў павінны заставацца ў аптэцы.

Кажа загадчыца адной са сталічных аптэк Марына Віннік:

– Раней хранічна хвораму выпісвалі рэцэпт на паўгады, або на тры месяцы, ён прыходзіў у аптэку, яму прадавалі лекі, а рэцэпт вярталі пацыенту назад. Проста рабілася адзнака, што ён нейкую частку лекаў ўжо купіў. А цяпер вельмі строга з гэтым. Рэцэпты не вяртаюцца. Застаюцца ў аптэцы, захоўваюцца. Строгі ўлік. У людзей з гэтай нагоды ёсць незадаволенасць. Таму што гэта не было анансавана, лекары таксама пра гэта не ведалі. Нам даслалі загад.

А як да гэтага новаўвядзення ставяцца жыхары сталіцы? Вось некаторыя з меркаванняў, пачутых карэспандэнтамі БелаПАН:

– Я з’яўляюся інвалідам, таму часта купляю лекі. Звычайна, мне выпісвалі адзін рэцэпт, і я па ім нейкі час купляў лекі… Не ведаю, чым гэта выклікана. Можа быць нашая моладзь купляе па рэцэптах нешта іншае, можа такім чынам спрабуюць іх ад гэтага засцерагчы. Але, канешне, сталаму чалавеку нязручна кожны раз хадзіць у паліклініку і выпісваць рэцэпт. Гэта час, нервы. Трэба пакінуць, як было раней, або каб сам лекар вызначаў на колькі часу выпісваць рэцэпт.

– Напэўна слушна робяць, каб нехта не нажываўся. Таму што  прыязджаюць, скупаюць, недзе прадаюць. Гэта першае. А другое, за лекамі павінен быць кантроль.

– У лекараў чэргі – не прайсці. Калі яшчэ кожны за рэцэптам будзе стаяць, то да лекара ўвогуле тады не трапіш. Я лічу, што гэта неразумна.

Нагадаем, жыхары беларускай сталіцы адказвалі на пытынні, як яны ставяцца да новых правілаў Міністэрства аховы здароўя, згодна якіх рэцэпты для пакупкі лекаў цяпер павінны заставацца ў аптэцы.

Беларускае Радыё Рацыя. Паводле БелаПАН.