У Менску абмеркавалі канцэпцыю люстрацыі ў Беларусі
Адным з першых актаў будучай дэмакратычнай улады ў Беларусі павенен стаць дзяржаўны акт аб асуджэнні злачынных рэжымаў, – прапанаваў падчас „круглага стала” аб канцэпцыі люстарцыі ў Беларусі грамадскі дзеяч Вацлаў Арэшка.
Гэты дакумент прадугледжваецца разбіць на 2 часткі
– Першая частка, дзе павінна быць абгрунтавана тое, што камуністычны рэжым у СССР і БССР быў злачынным, пералічаныя асноўныя злачынствы, і гэты рэжым як злачынны – асуджаны. Асуджаныя таксама дзеянні асобаў, вінаватых у гэтых злачынствах. Другой часткай такога акту павінна быць аналагічнае асуджэнне рэжыма Лукашэнкі.
„Калі мы не зафіксуем той факт, што гэты рэжым будуецца на антыдэмакратычных і негуманных прынцыпах, на масавым парушэнні правоў чалавека, то ў нас проста не будзе падставаў для люстрацыі”, – сказаў Вацлаў Арэшка.
Беларускія грамадскія арганізацыі вывучаюць досвед Украіны ў справе люстрацыі. У Менску адбыўся круглы стол, на якім была абмеркавана канцэпцыя люстрацыі ў Беларусі. Яго ўдзельнікі з асаблівай увагай выслухалі праваабаронцу з Украіны, актывіста Харкаўскай праваабарончай групы Уладзіміра Яворскага, які распавёў, як дзейнічае нядаўна прыняты ва Украіне Закон „Аб ачышчэнні ўлады”. Ужо некалькі соцень чыноўнікаў згубілі працу ў адпаведнасці з ім.
– Да канца года ўсе чыноўнікі, якія трапляюць пад дзеянне гэтага закона, павінны быць звольнены. Ёсць тры групы чыноўнікаў: якія былі звязаныя з рэжымам Януковіча; якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях супраць Майдана, супраць актывістаў; і якія маюць сувязі з КДБ і Камуністычнай партыяй СССР. Мінусам гэтага закона з’яўляецца тое, што гэты працэс дастаткова хаатычны.
Некаторыя артыкулы гэтага закона даюць магчымасць для занадта шырокага, вольнага трактавання. Напрыклад, абстрактнае абвінавачванне ў садзеянні падрыву бяспекі краіны можа прывесці да злоўжыванняў падчас люстрацыі. Таму, як сказаў Уладзімір Яворскі, грамадскасць краіны, праваабаронцы павінны сачыць, каб падобнага не адбывалася. Ужо створаны грамадскі камітэт за кантролем па выкананні гэтага закону.
* * *
Па словах каардынатара грамадскай працоўнай групы „Люстрацыя для Беларусі” Валянціны Свяцкай, люстрацыя патрэбна для ачышчэння ўлады ад таго негатыва, які з’явіўся падчас камуністычнага праўлення і аўтарытарызму двух апошніх дзесяцігоддзяў у Беларусі.
Але правядзенне люстрацыі патрабуе вялікай падрыхтоўчай працы, з улікам станоўчага ці адмоўнага досведу краінаў, якія гэтую практыку ўжо выкарыстоўвалі.
Па словах Валянціны Свяцкай, сённяшняя беларуская ўлада не вечная. І яе прадстаўнікам трэба задумаца – а ці не прыйдзецца ў будучым чырванець за некаторыя свае ўчынкі і рашэнні?
– Трэба давесці да грамадзянаў Беларусі: навошта гэта, дзеля чаго люстрацыя патрэбная. Карысна будзе даведацца ўсім грамадзянам Беларусі, што трэба працаваць і жыць, а не парушаць законы, асабліва тыя законы, які тычацца правоў грамадзянаў. Прадстаўнікі органаў, які парушаюць правы чалавека, будуць думаць перад тым, як прымаць чарговае рашэнне.
Валянціна Свяцкая сказала, што распрацоўка гэтай тэмы працягнецца. І вынікі працы будуць падведзеныя на адмысловай навукова-практычнай канферэнцыі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя