Не – “Містралям” для Расеі!
Пад Міністэрствам Абароны Польшчы адбылася дэманстрацыя супраць перадачы Францыяй караблёў класа “Містраль” Расейскай Федэрацыі. Акцыя была арганізавана польскай фундацыяй “Адкрыты дыялог”.
Прадстаўнік фундацыі Томаш Чувара зазначае, што “Містралі” у валоданні Расеі могуць уяўляць пагрозу для краін Усходняй Еўропы, а Францыя, як хаўрусніца Польшчы, не павінна дапамагаць краіне-агрэсарцы:
– Лічым, што перадача французскім бокам караблёў класа “Містраль” Расейскай Федэрацыі недапушчальная. І мы чакаем ад нашага Міністэрствам Абароны, якое стала працуе з Францыяй, каб яно зрабіла пэўныя крокі. Французы як саюзнікі Польшчы не павінны падтрымліваць такія дзеянні.
У акцыі таксама прымалі ўдзел украінцы і беларусы. Францішак – студэнт, актывіст Руха Салідарнасці “Разам” лічыць, што Расея хоча набыць “Містралі”, каб выкарыстаць іх у агрэсіі супраць іншых краін, і пазіцыя, якую займае Францыя – непрымальная:
– Я прыйшоў на акцыю падтрымкі украінцаў, супраць “Містраляў”, якія французы спрабуюць прапіхнуць. Такая пазіцыя можа быць выгодная ў бізнесе, але невыгодная ў палітыцы і ў той сітуацыі, якая зараз склалася, Расея нарошчвае вайсковую сілу, якую будзе пасля выкарыстоўвацца як агрэсію. І мы бачым, як гэта адбываецца ва Украіне.
Мітынгоўцаў у Міністэрстве прынялі, і паабяцалі, што сур’ёзна зоймуцца гэтым пытаннем.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара