Аляксандр Казулін разглядае магчымасць вяртання ў кіраўніцтва БСДП „Грамада”



Палітык Аляксандр Казулін разглядае магчымасць свайго вылучэння на пасаду старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада” на чарговым з’ездзе, які адбудзецца ў сярэдзіне сакавіка 2018 года.

„Я вёў асабістыя размовы з Казуліным з гэтай нагоды, — паведаміў БелаПАН старшыня мінскай абласной арганізацыі партыі Аляксандр Абрамовіч. — Пакуль ён не даў канчатковага адказу. Для Казуліна важна, каб партыя прынесла яму прабачэнні за яго выключэнне з кіраўніцтва ў час, калі ён з’яўляўся палітвязням і сядзеў у турме”.

Інфармацыя аб магчымасці вяртання Казуліна ў палітыку з’явілася ў СМІ на днях. Паведамлялася, што ён можа 11 лістапада прыняць удзел у пасяджэнні мінскага абласнога камітэта БСДП. Аднак гэтага не адбылося. Па тэлефоне Казулін на гэты час недаступны.

На сваім пасяджэнні 11 лістапада абласны камітэт БСДП разгледзеў праект заявы аб правядзенні ўнутранага партыйнага аўдыту. У ім адзначалася, што ў кастрычніку гэтага года ганаровы старшыня партыі, якім з’яўляецца Казулін, папрасіў падтрымаць яго ініцыятыву аб правядзенні партыйнага аўдыту з яго удзелам. На думку Казуліна, БСДП „Грамада” цяпер з-за ўнутрыпартыйных рознагалоссяў апынулася ў складанай сітуацыі, якую можна вырашыць шляхам аўдытарскай праверкі, у тым ліку з дапамогай знешніх партнёраў партыі.

Нягледзячы на абмеркаванне праект заявы прыняты не быў. Мінскі абласны камітэт БСДП „Грамада” вырашыў яшчэ раз разгледзець гэтае пытанне на наступным сваім пасяджэнні, якое павінна прайсці да канца 2017 года.

Прафесар, кандыдат фізіка-матэматычных навук, доктар педагагічных навук Аляксандр Казулін у сакавіку 2006 года балатаваўся на пасаду прэзідэнта Беларусі.

У ліпені 2006 года быў прыгавораны да пяці з паловай гадоў зняволеньня па абвінавачанні ў хуліганстве, памілаваны ўказам Аляксандра Лукашэнкі ў жніўні 2008 года.

У 2005-2008 гадах Казулін быў лідарам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада”. У жніўні 2008 года яго абралі ганаровым старшынёй партыі.

belapan.by