Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў – чэмпіёны свету!
Беларускія акрабаты Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў на чэмпіянаце свету па скачках на батуце, што праходзіць у сталіцы Балгарыі Сафіі, дамагліся бліскучага поспеху – сталі пераможцамі ў сінхронным практыкаванні.
У фінальным спаборы, дзе за медалі змагаліся 8 мацнейшых дуэтаў свету з розных краін, беларусам не было роўных. Алімпійскі чэмпіён Рыа-дэ-Жанэйра Ганчароў і менш ведамы Рабцаў выступалі ў фінале апошнімі. Яны не пакінулі сумневу, хто быў мацнейшым на гэтым чэмпіянаце. Суддзі выставілі беларускай пары ацэнку 52, 800. Срэбра дасталося брытанцам – 52,250. Трэцяе месца ў расейскага тандэму – 51,700.
Беларусы ўжо традыцыйна паспяхова выступаюць у скачках на батуце. У гэты ж сама дзень наш жаночы дуэт Тацяна Пятрэня – Марыя Махарынская стаў трэцім таксама ў парных сінхронных скачках.
Беларускае Радыё Рацыя
фота БАГ