Дакладчык ПАСЕ па сітуацыі ў Беларусі наведае краіну 22—26 лістапада
Дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні наведае краіну 22—26 лістапада, паведаміў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання Андрэй Навумовіч.
Запрашэнне зрабіць візіт было перададзенае Рыгоні ў кастрычніку, калі беларуская дэлегацыя знаходзілася ў Страсбургу для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі на пасяджэнні камітэта ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі.
Паводле слоў Навумовіча, асноўная мэта візіту — абмеркаванне пытання смяротнага пакарання.
„У яго адбудзецца шэраг сустрэч, у тым ліку з дэпутатамі Мінскага абласнога савета дэпутатаў, дэпутатамі базавага ўзроўню Валожынскага раёна, з парламенцкай рабочай групай па праблематыцы смяротнай кары, — сказаў Навумовіч. — Плануецца таксама выступленне Рыгоні перад студэнтамі Мінскага педагагічнага ўніверсітэта”.
Увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне можа стаць першым крокам на шляху ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы. У 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, але ў 1997-м быў пазбаўлены яго пасля рэферэндуму, які захаваў смяротнае пакаранне.
За апошнія 20 гадоў у Беларусі было пакарана больш за 400 чалавек, толькі адзін з асуджаных да смяротнага пакарання быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам. БелаПАН