Андрэй Мельнікаў: Курапаты – люстэрка ўсёй Беларусі



У Беларусі ў апошнія тыдні сутыкнуліся дзве памяці. Памяць пра Кастрычніцкую рэвалюцыю і памяць пра тых, хто быў забіты рэжымам, які прыйшоў да ўлады 100 гадоў таму. Ці здольнае грамадства неяк прымірыць гэтыя два антаганістычныя настроі? Пра гэта разважае паэт, бард Андрэй Мельнікаў у размове з журналістам Беларускага Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам.

РР: Вось і скончыўся юбілей, якога чакалі, магчыма, з нейкай трывогай. Гэта 100 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі, якую многія называюць пераваротам. Але нічога не здарылася. І юбілей прайшоў амаль незаўважна. А што Вы адчувалі ў гэты дзень?

Андрэй Мельнікаў: Асабліва нічога і не адчуваў. У свой час, напачатку 90-х гадоў, калі вучыўся ў школе, то 2017 год выглядаў нейкім пераломным: камуністы скончаць выконваць вядучыя функцыі, а ў 2025-ым яны ўвогуле знікнуць. І я хутчэй чакаў, што перад гэтым годам насамрэч штосьці адбудзецца, бо камуністы неяк занадта сябе дыскрэдытуюць, у выніку чаго ў 2017 годзе яны скончацца. А ўжо ў 2017-ым спакойна глядзеў на тое, як яны працягваюць існаваць, займаюць не самую горшую нішу ў грамадстве. І калі кажуць, што 37-мы год звязаны толькі з камуністамі ці менавіта на камуністаў вешаць, то ўсё гэта значна больш складаная рэч. Ёсць вось у Габрыэля Гарсіа Маркеса класны раман «Восень патрыярха». Калі я яго чытаў, то адкрыў, што прырода дыктатуры не залежыць, хто гэта – правыя ці левыя, камуністы ці яшчэ хтосьці. Усё роўна ідзе пэўная паслядоўнасць дзеянняў, у тым ліку і масавы тэрор.

РР: Здзівіла, што праўладная партыя «Белая Русь» не асабліва была заўважана ў гэты дзень у актыўнасці. А вось праз некалькі дзён раптам яе сябры прыйшлі ў Курапаты – месца масавых расстрэлаў падчас сталінскага тэрору – і правялі там суботнік.

Андрэй Мельнікаў: Мяне гэта парадавала. У мяне ёсць адзін пазітыўны момант сведчанняў пра работу «Белай Русі». Гэта Азярышча – тое месца, з якога пачынаецца раман Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»: «Груша цвіла апошні год…» І «Белая Русь» не паленавалася паставіць там памятны камень з гэтымі словамі, узгадаць Караткевіча.

Сама назва мяне не палохае. Тое, што людзі прыйшлі першы раз туды, дзе яны не былі, і нават калі яны і тое, што там рабілі, выглядала дысанансам, то ўсё роўна месца паступова пераварвае – кагосьці з іх праб’е. Нават калі адзін чалавек з іх каманды зменіцца, сапраўды перажыве гэты боль, то гэта ўжо пазітыў таго, што яны там з’явіліся.

Для мяне пытанне Курапатаў у значнай ступені асабістае. У пачатку 88-га года я пачаў наведваць гэты масіў. Не на Дзяды. Гэта было пасля артыкула Пазьняка і Шмыгалёва ў «ЛіМе». Як прачытаў, пачаў запытваць сваіх аршанскіх знаёмых на той час, што такое Курапаты. Ім нічога гэта не казала. І для мяне гэта было дзіўна. Я там чалавечую костку падабраў, нейкі час з сабой вазіў, але ў рэшце рэшт завёз яе ў Курапаты ды пахаваў. З мяне, тагачаснага камсамольца, Курапаты пачалі рабіць іншага чалавека, які пачаў усім гэтым пранікацца. І не магу сказаць, што гэта толькі трагічная рэч. Курапаты – гэта месца салідарнасці. Як паказала апошняя «Ноч паэтаў», якую ладзіў Дашкевіч з кампаніяй, гара Галгофа ператварылася ў гару Фавор: гэта не толькі гара пакутаў, але і гара перамянення. Вельмі можа быць. І сам масіў Курапатаў – гэта пэўны перыметр, абмежаваны крыжамі. Так, гэта месца, дзе мы памінаем расстрэл. Але ж гэты масіў працягваецца: далей там ёсць спартыўныя пляцоўкі і яшчэ нешта. Таму гэта месца, якое напоўнена многімі сэнсамі. І мяне будзе толькі радаваць, калі яно стане паўнатой сэнсаў беларускіх.

РР: Можна сказаць, гэта знакавае месца ў гісторыі Беларусі ХХ і ХХІ стст. У 30-х гадах расстрэльвалі – гэта быў таксама жахлівы гістарычны знак. У 80-90-х менавіта з Курапатаў пачалася ў Беларусі перабудова – моцны штуршок да дэмакратыі. Зараз зноў Курапаты гучаць моцна. Туды ходзіць апазіцыя, пачала хадзіць і ўлада. Можа, гэта зноў нейкі знак? Можа, Беларусь зноў стаіць перад нейкім пераломам?

Андрэй Мельнікаў: Не сумняюся, што гэта знак. Курапаты – знакавае месца. Хоць бы таму, што хтосьці аспрэчвае лічбы колькасці загінулых у Курапатах. Але не гэта галоўнае. Курапаты канцэнтруюць у сабе памяць усіх 13 вядомых сёння месцаў масавых расстрэлаў па Менску: дзесьці забудавана, дзесьці заасфальтавана, дзесьці, як у Шабанах, там зроблены сметнік. Таму Курапаты яднаюць памяць па ўсіх гэтых 13 месцах.

У Анатоля Сыса быў такі верш «Адпусціце мяне, Курапаты, нават з куляю ў галаве». На мой погляд, ён пісаў нават не столькі пра Курапаты, колькі пра Менск. Для яго ўвесь Менск быў Курапатамі ў нейкім сэнсе. І гэта сведчанне таго, што Курапаты ўплываюць на Менск. Можа, гэта нейкая праекцыя Менска адначасова.

РР: Калі на Менск, то, можа, і на Беларусь?

Андрэй Мельнікаў: Так, менавіта. Курапацкая Беларусь. Вось штосьці прабіла на курапацкай варце ў лютым-сакавіку, якую рабіла каманда Дашкевіча. Шмат хто далучаўся, у тым ліку я. І прабіла мяне менавіта гэтая курапацкая Беларусь.

Курапаты – люстэрка ўсёй астатняй Беларусі. Што там такое будзе? Будзем зацыклівацца на адной тэме – такая Беларусь і будзе. Калі будзем зацыклівацца толькі на трагедыі – Беларусь будзе толькі трагічнай. Будзем рабіць з гэтага месца паўнаты жыцця і памяці – і Беларусь будзе такая. Вось такое бачанне.

РР: А няма небяспекі, што калі ўлады таксама пачынаюць займацца гэтай тэмай, то яны забюракрацяць яе, замусоляць, як яны гэта ўмеюць рабіць.

Андрэй Мельнікаў: Ёсць людзі, якія кажуць пра гэта. І слушна кажуць. Небяспека сапраўды ёсць. Але ў любых узаемадзеяннях, нават у сям’і, уступаючы ў шлюб, пачынаюцца ўласныя змяненні пад уплывам другой нашай паловы, а пасля пад уплывам дзяцей. У любым калектыве давядзецца пайсці на нейкія кампрамісы, і гэтыя кампрамісы далёка не заўжды нам будуць падабацца, штосьці мы будзем перажываць з болем.

«Але трэба хаця б паспрабаваць дагрукацца да прадстаўнікоў уладаў, прабіць іх на суперажыванне. Можа, гэта таго каштуе?» – задаў рытарычнае пытанне Андрэй Мельнікаў.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gomelspring.org