Абмен моладзі з трох краін праходзіць на Падляшшы



“Нацыянальныя і рэлігійныя меншасці на польска-беларуска-літоўскім памежжы – сучаснасць і перспектывы”. На гэтую тэму ў Беластоку праходзіць абмен моладзі з трох краін, сярод галоўных арганізатараў якога – Беларускі дом у Варшаве.

Як адзначыў у нашым эфіры сустаршыня арганізацыі Алесь Зарэмбюк, у нашых народаў – супольная гісторыя і спадчына, хоць некаторыя меншасці Польшчы, Беларусі і Літвы маюць пэўныя праблемы:

– Мы вырашылі сабрацца на Беласточчыне і сабраць моладзь ад 18 да 28 гадоў у межах праграмы Еўрапейскага звяза „Erasmus+”, каб паразмаўляць пра нацыянальныя і рэлігійныя меншасці. На сумежжы нашых трох суседніх краін пражывае вялікая колькасць нацыянальных і рэлігійных меншасцяў. Падляшша з’яўляецца вельмі добрым прыкладам, бо тут можна пабачыць касцёл, праваслаўную царкву і мячэць.

Паводле плану, кожны дзень адбываюцца дыскусіі ў трох нацыянальных моладзевых дэлегацыях. Таксама запланаваны шэраг візітаў, напрыклад, сёння група наведае Бельск Падляшскі і беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча:

– Сустрэнемся ў гарадской управе, будзем на адкрыцці помніка, дзе было габрэйскае гета ў Бельску Падляшскім. Таксама пасля паедзем у Орлю, якая з’яўляецца добрым прыкладам таго, як жыве беларуская меншасць у Падляшскім ваяводстве.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Абмен моладзі з Польшчы, Беларусі і Літвы праходзіць з 12 па 18 лістапада ў Беластоку ды іншых мясцовасцях Падляшскага ваяводства.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя