У Лідскім раёне закрылі адміністрацыйную справу за ўскладанне Леніну вянка з калючым дротам



Лідская міліцыя закрыла адміністрацыйную справу ў дачыненні да сябра Партыі БНФ Вітольда Ашурка. Справа на актывіста была заведзена на мінулым тыдні за ўскладанне ім да помніка Леніна ў горадзе Бярозаўка вянка з калючым дротам. Па факце праведзенай праверкі, міліцыянты не заўважылі ў дзеяннях Ашурка складу правапарушэння па артыкуле “Дробнае хуліганства”. Актывіст таксама зазначае, што сваімі дзеяннямі грамадскі парадак ён не парушыў.

Ускладанне вянка да помніка Леніну не з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем. Нічога не было пашкоджана, не было ніякіх масавых мерапрыемстваў, ніякіх лозунгаў, ніякай сімволікі, а проста ўскладанне вянка. Тое, што вянок з калючым дротам, гэта дробязі. Нідзе, ні ў якіх нарматыўных актах не напісана, што вянок не можа быць з калючым дротам.

Нагадаем, што напярэдадні таго, як афіцыйныя беларускія ўлады адзначалі 100-годдзе Кастрычніцкага перавароту, Вітольд Ашурак усклаў да помніка Леніну ў Бярозаўцы вянок з калючым дротам, інсталяваны папяровымі чарапамі і надпісам “Гары ў пекле, кат”. У той жа дзень да яго дахаты прыйшлі міліцыянты, каб узяць тлумачэнні па гэтым факце.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя