Даляр ЗША расце дзясятыя таргі запар



14 лістапада на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель знізіўся ў адносінах да даляра ЗША і еўра, вырас — да расейскага рубля. Амерыканская валюта расце дзясятыя таргі запар, абнаўляючы больш як гадавыя максімумы. Еўрапейская валюта таксама трымаецца на больш чым гадавым максімуме.

Паводле вынікаў таргоў курс еўра вырас на 0,0139 рубля (0,6%) і склаў 2,3343 рубля.

Курс даляра павялічыўся на 0,0044 рубля (0,22%) да 1,9976 рубля.

Курс расейскага рубля (за 100 адзінак) знізіўся на 0,0101 рубля (0,3%) і склаў 3,3549 беларускага рубля за 100 расейскіх.

У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расейскага рубля складае 50%, даляра ЗША і еўра — 30 і 20%.

Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расейскага рубля, якая значна залежыць ад цэн на нафту. Расейская валюта таннее на таргах аўторка, 14 лістапада. Напярэдадні студзеньскія ф’ючарсы на нафту маркі Brent каціраваліся вышэй за 63,5 даляра за бараль, а сёння пайшлі ніжэй за 63 даляры.

У Расеі сярэднеўзважаны курс даляра да рубля разлікамі „заўтра” на адзінай гандлёвай сесіі ММВБ, на падставе якога ўсталёўваецца афіцыйны курс Цэнтрабанка, на 11.30 аўторка вырас на 43,84 капейкі, склаўшы 59,6207 рубля.

belapan.com