Польшча за адмену абмежаванняў ва ўзаемным гандлі з Беларуссю



Беларусі і Польшчы неабходна адмяняць абмежаванні ва ўзаемным гандлі, заявіў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Польшчы Яцэк Багуцкі 14 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску, прысвечанай праграме „Густы Еўропы: якасць і традыцыі”.

Паводле яго слоў, паміж Польшчай і Беларуссю цяпер ідзе „інтэнсіўны дыялог” як на ўзроўні міністэрстваў, так і экспертаў. „Я спадзяюся, што гэтае супрацоўніцтва прынясе свой плён у выглядзе адмены абмежаванняў ва ўзаемным тавараабароце. Беларусь для Польшчы з’яўляецца вельмі важным партнёрам, супрацоўніцтва з якім дасць нам магчымасць пашырыць узаемны абмен таварамі не толькі паміж дзвюма краінамі, але і паміж Еўрасаюзам і ЕАЭС”, — лічыць Багуцкі.

Ён таксама адзначыў, што Польшча падтрымлівае Беларусь у дыялогу з Еўракамісіяй. „Што да ўзаемных абмежаванняў паміж ЕЗ і ЕАЭС, то Польшча і Беларусь узаемна падтрымліваюць адзін аднаго, каб гэтыя рынкі сталі больш свабоднымі для руху тавараў у абодва бакі”, — падкрэсліў польскі чыноўнік.

Паводле яго слоў, абмежаванні ў пастаўках у Беларусь закранулі найперш мясную галіну — абмежаваны пастаўкі свініны, раней былі абмежаванні ў пастаўках мяса птушкі і ялавічыны. Усе яны ў асноўным былі звязаны з інфекцыйнымі захворваннямі жывёл (АЧС і птушыны грып). Намеснік міністра лічыць, што варта абмяжоўваць пастаўкі толькі з тых рэгіёнаў, якія закранула хвароба, а таксама абменьвацца інфармацыяй па выніках барацьбы з гэтымі захворваннямі.

Багуцкі таксама заўважыў, што эмбарга Расеі на пастаўку харчовай прадукцыі з Еўразвяза „значна ўдарыла па польскіх вытворцах”, але страты былі часткова кампенсаваныя за кошт дыверсіфікацыі экспарту. Ён таксама падкрэсліў, што Польшча вітае рээкспарт сваёй прадукцыі на рынках трэціх краін, у тым ліку і з Беларусі.

Першы намеснік кіраўніка ведамства паведаміў, што Польшча штогод пастаўляе сваю сельгаспрадукцыю ў 70 краін прыкладна на 25 млрд еўра, у тым ліку мяса птушкі — на 1,2 млрд, ялавічыну — на 900 млн, свініну — на 800 млн еўра. Па экспарце плодаагародніннай прадукцыі краіна з’яўляецца еўрапейскім лідарам.

Што да Беларусі, то летась Польшча экспартавала ў суседнюю краіну сельгаспрадукцыі на 234 млн еўра. Прычым 50% усяго аб’ёму — плодаагароднінная прадукцыя, далей ідуць збожжавыя і малочная прадукцыя (10% у аб’ёме экспарту).

На думку намесніка міністра, рэалізацыя праграмы „Густы Еўропы”, якую падтрымлівае Еўрасаюз і галіновыя аб’яднанні Польшчы, паслужыць нарошчванню аб’ёмаў экспарту польскага мяса і плодаагароднінай прадукцыі ў Беларусь, а таксама ўзаемным кантактам польскіх і беларускіх прадпрымальнікаў у галіне вытворчасці і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі.

belapan.com