Цэны на нафту растуць. Радавацца?
Разам з аднаўленнем росту коштаў на нафту дадалося аптымізму і ў беларускіх чыноўнікаў. Нафтапрадукты — адзін з найбуйнейшых артыкулаў беларускага экспарту і крыніца валюты для краіны. Не ў апошнюю чаргу, крызіс у Беларусі выкліканы і знікненнем звышпрыбыткаў ад экспарту нафты, якія напаўнялі беларускі бюджэт. І галоўнае — расейскі. А значыцца, стваралі попыт на беларускую прадукцыю.
На рост нафтавых даходаў разлічваюць і ў Крамлі. Так, згодна з апублікаванай статыстыкай рост інвестыцый у здабычу вуглевадародаў склаў 7%, а ў іх транспарціроўку каля 6,5%. Пры гэтым, у іншыя галіны прамысловасці Крэмль не асоба гарыць жаданнем інвеставаць.
На першы погляд, гэта разумна, бо грошы трэба ўкладваць у тое, што прыносіць прыбытак. Але ўсё не так проста. Паводле даследаванняў АПЕК, Расея ў бліжэйшыя гады не зможа перавысіць адзнаку здабычы нафты у 11,5 млн барэляў у суткі. А пасля 2020 года яе магчымасці па здабычы будуць штогод зніжацца.
Гэта звязана з вычарпаннем радовішчаў, значная частка з якіх былі разведаныя яшчэ ў перыяд СССР. А таксама з тым, што новы пакет санкцый ад ЗША, які закранае энергетычны сектар Расеі, не дазволіць ёй карыстацца заходнімі тэхналогіямі пры правядзенні разведкі і здабычы вуглевадародаў.
Акрамя таго, невядома колькі рост коштаў на нафту працягнецца. ЗША за апошнія два гады значна ўмацавалі сваю пазіцыю на сусветным рынку энергарэсурсаў дзякуючы сланцавай рэвалюцыі. Аб’ёмы здабычы вуглевадародаў кампаніямі гэтай краіны ставяць чарговыя рэкорды. Так, на сённяшні дзень у ЗША ўведзена ў эксплуатацыю 738 буравых, пры, увага, 7 тысячах свідравін! Пры гэтым, пік эксплуатаваных буравых прыйшоўся на кастрычнік 2014 года, калі ў эксплуатацыі знаходзілася 1609 буравых. Гэта значыць, цяперашні паказчык здабычы нафты ў ЗША яшчэ не мяжа. А між тым нядаўна ў Амерыцы быў пастаўлены чарговы рэкорд здабычы чорнага золата, а менавіта – 9,62 млн барэляў у суткі. Пры такіх тэмпах росту, ЗША ў бліжэйшыя гады могуць стаць лідарам па здабычы нафты ў свеце. Але чым больш гэтай нафты, тым ніжэй кошты.
Ёсць, праўда адзін варыянт: трэба паменшыць колькасць пастаўшчыкоў на рынку. Венесуэла на мяжы калапсу. Як сказана вышэй, Расея можа сутыкнуцца з падзеннем здабычы нафты пасля 2020 года. Прычым па некаторых ацэнках, скарачэнне можа дасягаць 10% у год. Ну і санкцыі супраць Ірана могуць вярнуцца.
Вядома, высокія цэны на нафту – пазітыў і для Беларусі, і для Расеі. Але з кропкі гледжання доўгачасовых задач развіцця абедзвюх краін – гэта хутчэй абязбольвальнае для іх сацыяльна-эканамічных праблем. Але не паўнавартаснае лячэнне. Для лячэння патрэбныя рэформы. Глыбокія і незваротныя.