Францыя гатова ўзяць удзел у мадэрнізацыі беларускіх НПЗ



Французскія кампаніі выказваюць гатоўнасць рэалізаваць праекты, якія тычацца мадэрнізацыі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, паведаміў БелаПАН начальнік эканамічнага аддзела Украіны, Беларусі і Малдовы пасольства Францыі ва Украіне Вінсэнт Прэнго.

„Беларусь мае сур’ёзную прамысловую базу ў сферы нафтаперапрацоўкі. У той жа час на тэрыторыі Францыі размяшчаюцца буйныя гульцы, якія аказваюць інжынірынгавыя паслугі і пастаўляюць абсталяванне для нафтаперапрацоўчай галіны”, — адзначыў дыпламат.

Таму ў нафтаперапрацоўцы, лічыць ён, існуе патэнцыял для развіцця беларуска-французскіх эканамічных дачыненняў. Гэтую тэму прадстаўнікі французскіх кампаній, удакладніў Прэнго, ужо абмяркоўвалі падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх НПЗ, і ў абодвух бакоў існуюць намеры працягваць перамовы.

„Гаворка ідзе пра прапанову комплекснага рашэння, у якім мае патрэбу беларускі бок”, — удакладніў Прэнго.

Ён выказаў меркаванне, што супраца Беларусі і Францыі ў нафтаперапрацоўчай галіне можа быць узаемавыгаднай.

„Нафтаперапрацоўка — стратэгічная галіна для Беларусі. У той жа час беларускія НПЗ — складаныя аб’екты, якія ўключаюць шматлікія тэхналагічныя працэсы. Вашы НПЗ сёння маюць патрэбу ў мадэрнізацыі, і французскі бок можа прапанаваць комплексныя рашэнні, якія дапамогуць яе рэалізаваць”, — адзначыў Прэнго.

Тэма мадэрнізацыі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў абмяркоўвалася на спецыяльнай нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі ў чэрвені 2017 года. Паводле яго вынікаў было прынятае рашэнне завяршыць мадэрнізацыю НПЗ у 2019 годзе. Мяркуецца, што рэалізацыя інвестыцыйных праектаў і мадэрнізацыя нафтаперапрацоўкі дазволяць павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90% і забяспечыць максімальна эфектыўную працу беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

БелаПАН