У Менску праходзіць чарговы раўнд перамоў па Украіне
У Менску 15 лістапада праходзіць чарговы раўнд перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.
„Рабочыя групы пачынаюць сустрэчы напярэдадні пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны”, — паведаміла ў „Твітэры” МЗС Беларусі.
Перамовы праходзяць у „Прэзідэнт-гатэлі”, яны традыцыйна закрытыя для прэсы. Сёння чакаецца і сустрэча самой кантактнай групы.
Чарговы раўнд перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны прайшоў у Мінску 27 кастрычніка. Паводле яго вынікаў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік заявіў журналістам, што ў зоне канфлікту павялічылася колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню. „Асабліва павялічылася іх колькасць у раёне Аўдзееўкі, Ясінаватай і данецкага аэрапорта. З улікам гэтага менавіта пытанне рэжыму спынення агню стала сёння першачарговым як для рабочай групы па бяспецы, так і для ўсёй трохбаковай кантактнай групы”, — сказаў дыпламат.
Прадстаўнік АБСЕ заклікаў бакі пацвердзіць сваю прыхільнасць перамір’ю, абвешчанаму з нагоды пачатку навучальнага года.