Адрамантуюць чарговы адрэзак дарогі Беласток-Гайнаўка



Чарговы адрэзак дарогі між Беластокам і Гайнаўкай будзе адрамантаваны. Гэтым разам гаворка ідзе пра 8,4 кіламетра дарогі з Заблудава ў Жыўкова. Кошт цэлай інвестыцыі 52 мільёны злотых. За гэтыя грошы пабудуюць дарогу шырынёй 8 метраў, роварныя сцежкі, новыя скрыжаванні, мост на рацэ Рудня, тратуары і аўтобусныя прыпынкі.

Паводле сябры сойміка ваяводства Міколы Яноўскага, рамонт дарогі будзе стымулам для развіцця прадпрымальніцтва, а таксама людзі будуць вяртацца на <ацькаўшчыну.

– З нашых беларускіх праваслаўных рэгіёнаў не будуць з’язджаць людзі, а моладзь будзе вяртацца на вёску. Зараз маладым жыць у вёсцы лепей. І ў школах тут іначай вучаць. І тут кожны мае аўтамабіль.

8,4 кіламетра дарогі з Заблудава ў напрамку Гайнаўкі пабудуюць да чэрвеня 2019 года. Хто пабудуе чарговы адрэзак з Жыўкова ў Навасады даведаемся ў канцы года. Маршалкоўская ўправа пачала аўкцыён на гэтую частку дарогі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Заблудаў

Фота аўтара