Беларусь трапіла ў тройку краін Еўропы з самымі нізкімі даходамі
Нямецкая даследчая кампанія GfK апублікавала дадзеныя рэйтынгу Purchasing Power Europe 2017, у якім краіны размяшчаюцца па даходах насельніцтва.
Ілюстрацыя gfk.com
Гэта значыць грошай, якія застаюцца на руках пасля выліку ўсіх падаткаў і збораў і якія можна пусціць на куплі тавараў і паслуг альбо на зберажэнні.
Як адзначылі даследчыкі, чысты сярэднедушавы даход грамадзян усіх 42 дзяржаў, якія ўвайшлі ў пералік, вельмі моцна адрозніваецца. У тройку самых забяспечаных ўвайшлі жыхары Ліхтэнштэйна, Швейцарыі і Ісляндыі, а самых незабяспечаных – Беларусі, Малдовы і Украіны.
На жаль, адкрытых лікавых дадзеных па Беларусі GfK у сваім прэс-рэлізе не дала. Тым не менш, параўноўваючы палярнасці, складальнікі рэйтынгу адзначылі, што даходы жыхароў Украіны роўныя 1/66 даходу жыхароў Ліхтэнштэйна.
Паводле даследавання, насельніцтва ўсіх 42 краін у сукупнасці атрымае ў 2017 годзе чысты прыбытак 9,4 трлн еўра. У сярэднім на аднаго чалавека, такім чынам, прыйдзецца 13 937 еўра. Паказчык вышэй сярэдняга значэння – у 17 дзяржаў, ніжэй – у 25.
Таксама GfK падрыхтавала «цеплавую» карту забяспечанасці ў Еўропе, створаную на аснове рэйтынгу. «Халодным» сінім колерам на ёй пазначаныя рэгіёны з самымі нізкімі размешчанымі даходамі, «цёплым» чырвоным – з самымі высокімі.
Карту ў поўным памеры можна паглядзець тут.