Ці атрымае „Белсат” фінансаванне на 2018 год?
Як выглядае сітуацыя з фінансаваннем „Белсата”? З такім пытаннем наш карэспандэнт Антон Разумоўскі звярнуўся да дырэктаркі тэлеканала Агнешкі Рамашэўскай-Гузы.
РР: Ёсць палітычная воля на тое, каб тэлеканал „Белсат” прафінансавалі і ў наступным годзе. Можаце пацвердзіць ці абвергнуць гэту інфармацыю?
Агнешка Рамашэўска-Гузы: Гэта праўда. Я пераканана, што палітычная воля і адпаведнае рашэнне кіруючай большасці на гэта ёсць. Незалежна ад таго, што былі разнастайныя дыскусіі на гэтую тэму, але рашэнне аднак такое. Ідзе праца, каб гэтае фінансаванне ўсё ж атрымаць. Мы размаўляем з Міністэрствам фінансаў, як зрабіць, каб гэтыя сродкі насамрэч былі прызначаны на тэлебачанне. Мы з папярэдніх гадоў ведаем, што сродкі прызначаюцца не канкрэтна на тэлебачанне, а ў залежнасці ад таго як яны будуць размеркаваны Міністэрствам замежных спраў. У такой сітуацыі гэта можа скончыцца па-рознаму.
РР: А якія варыянты Вы, як кіраўнік тэлебачання, прапаноўваеце?
Агнешка Рамашэўска-Гузы: Мне падаецца, што гэтыя сродкі павінны быць прызначаны на гэтую ініцыятыву, якая з’яўляецца элементам падтрымкі і развіцця дэмакратыі. Варта падкрэсліць, што ў бюджэце ёсць грошы для розных аддзелаў і іх дзейнасць, а таксма рэзервы на канкрэтную мэту, якімі распараджаюцца розныя аддзелы. Гэты рэзерв як раз у распараджэнні Міністэрства замежных спраў, але можа выдаткоўвацца, як яны гэтага захочуць. Гэта можа быць абмежавана Сеймам, які можа ўдакладніць размеркаванне сродкаў. Так было, напрыклад, у першы год нашай дзейнасці, калі сродкі былі выдзеленыя мэтанакіравана. Пасля гэта перайшло пад кантроль Міністэрства замежных спраў, урад вырашаў у залежнасці ад уласнага жадання. Цяпер час на тое, каб дакладна вызначыць. Ёсць магчымасць, што гэта будзе фінасавацца неяк непасрэдна праз польскае тэлебачанне. Мне падаецца, што гэты род дзейнасці іншы, таму ён павінны быць дафінансаваны. Польскае тэлебачанне дафінансоўвае „Белсат” і ў гэтым годзе несла асноўны цяжар, хоць гэта павінна была быць меншая частка сродкаў.
РР: Ці будзе дастаткова гэтых сродкаў, каб канал мог нармальна функцыянаваць?
Агнешка Рамашэўска-Гузы: Я лічу, што гэтых сродкаў павінна быць дастаткова. Датацыі ў розныя гады складалі ад 16 да 21 мільёна злотых. Цяпер мы разлічваем на суму каля 20 мільёнаў, спадзяемся, што рэшту пакрыюць тэлебачанне ды замежныя сродкі. Бюджэт канала досыць стабільны, ён не змяняецца гвалтоўна. Ёсць пэўная колькасць сродкаў ніжэй за якую проста не атрымаецца функцыянаваць. Патрэбны пэўны мінімум сродкаў, каб увогуле ўтрымаць тэлеканал. Наш мінімум складае каля 27-28 мільёнаў злотых.
РР: Ці ёсць нейкія канкрэтныя тэрміны, калі пытанне павінна быць вырашана?
Агнешка Рамашэўска-Гузы: Я думаю, што да моманту прыняцця бюджэту, бо гэтыя сродкі павінна быць там неяк адасобленыя. Спадзяюся, што гэта адбудзецца напрацягу бліжэйшага тыдня.
РР: Працягваецца ціск на карэспандэнтаў „Белсата”, ці атрымалася неяк сплаціць іх штрафы? Вялася размова пра стварэнне адмысловага фонда.
Агнешка Рымашэўска-Гузы: Так, ён ёсць, фонд ёсць. Большую частку штрафаваў мы выплацілі, тут вялікая заслуга „БАЖ”, а таксама людзей, якія ахвяравалі ўласныя грошы. Частка сродкаў застаецца ў запасе. Нашы журналісты не застаюцца без дапамогі.
Гутарыў Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя