Станіслаў Шушкевіч: Няхай бы спачатку дома парадак навялі…



Экс-старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі распавёў пра тое, чаму Беларусі не патрэбна адпраўляць кантынгент для садзейнічання ўрэгулявання канфлікта на Данбасе.

Нагадаем, што кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей па выніках сустрэчы са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым заявіў, што Беларусь гатова паслаць міратворчы кантынгент на Данбас.

Станіслаў Шушкевіч: Відавочна, што Масква можа маніпуляваць Менскам, а таму, калі Расеі выгодна, каб Беларусь зрабіла нейкія заявы ці дзеянні, то беларускі бок асабліва і не супраціўляецца. Наўрад ці Макей нешта агучваў без узгаднення з Крамлём. Гэта палітычны захад. А міратворцы ва Украіне павінны быць нейтральныя, бо сапраўдным беларусам вельмі цяжка будзе займацца міратворчай дзейнасцю. Няхай бы міратворчую місію выконвалі прафесійныя заходнія ваенныя, бо Беларусь, што б ні казалі дзяржаўныя дзеячы, не застаецца нейтральнай у гэтым канфлікце. Мы ведаем, у які бок схіляюцца беларускія ўлады. Да таго ж, беларусы не маюць досведу міратворчага кантынгента.

РР: Адным словам, нам гэта не патрэбна?

Станіслаў Шушкевіч: Няхай бы нашы высокія чыноўнікі, перш чым выказваць намер дасылаць міратворчы кантынгент ва Украіну, паклапаціліся пра тое, каб не забівалі дзяцей у беларускай арміі. Дома спачатку парадак навядзіце, у сваёй гаспадарцы. Калі ў такім стане войска, то як вы збіраецеся міжнародную ваенную місію выконваць? Здаецца, пятнаццаць крымінальных спраў узбуджана па справе аб гібелі салдата ў вайсковай частцы пад Барысавам, а яны міратворцаў збіраюцца кудысьці адпраўляць!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя