У Берасці сутыкнуліся чатыры аўтамабілі
У Берасці кіроўца легкавушкі трапіў у бальніцу пасля ДТЗ з удзелам чатырох аўтамабіляў. Аварыя адбылася напярэдадні каля 19.50.
Паводле папярэдняй інфармацыі, 45-гадовы мясцовы жыхар кіраваў аўтамабілем „Сітраен”. Падчас руху па Варшаўскай шашы ён урэзаўся ў „Рэно”, які спыніўся на забараняльны сігнал святлафора. Ад моцнага ўдару машыну адкінула на „Шкоду”, якая ў сваю чаргу ўляцела ў „Фольксваген”.
У выніку дарожна-транспартнага здарэння пацярпеў 27-гадовы кіроўца „Шкоды”. Мужчына шпіталізаваны ў Берасцейскую цэнтральную гарадскую бальніцу. Па факце аварыі праводзіцца праверка. У ДАІ адзначылі, што ўсе кіроўцы – удзельнікі ДТЗ былі прышпілены рамянямі бяспекі.
Фота ДАІ Берасцейскай вобласці