Узброеныя жанчына і мужчына напалі на аграсядзібу
У Дзяржынскім раёне ў вёсцы Вясёлы Вугал адбыўся ўзброены напад на аграсядзібу.
57-гадовая мясцовая жыхарка і яе 47-гадовы знаёмы з Менска былі п’яныя, пры сабе мелі паляўнічую стрэльбу. Яны пагражалі грамадзянам, якія адпачывалі з дзецьмі. Пры гэтым жанчына нецэнзурна выказвалася і пагражала стрэліць. Гаспадар зарэгістраванай зброі ў гэты час дэманстратыўна зараджаў патроны.
На месца выклікалі міліцыю, якая затрымала хуліганаў. Яны, дарэчы, не змаглі патлумачыць свае дзеянні, спасылаюцца на стан алкагольнага ап’янення.
Дзяржынскім раённым аддзелам Следчага камітэта пачата крымінальная справа аб хуліганстве, учыненым з ужываннем зброі (ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
У рамках расследавання дапытваюцца пацярпелыя, сведкі і падазраваныя. Забраныя падчас праведзеных аглядаў і ператрусаў, у тым ліку па месцы жыхарства затрыманага паляўнічага, паляўнічыя патроны, порах, зброя і іншыя прадметы прызнаныя рэчавымі доказамі.
Комплекс следчых дзеянняў працягваецца.