У Еўразвязе пакуль не ведаюць, ці наведае Лукашэнка Брусель



Пакуль адказа на персанальнае запрашэнне беларускаму кіраўніку прыняць удзел у саміце Усходняга партнёрства 24 лістапада ў Бруселі не было, заявіў амбасадар Нямеччыны Петэр Дэтмар на прэс-канферэнцыі ў Менску.

– Не, мы не ведаем, хто ўзначаліць дэлегацыю Беларусі. Што тычыцца непасрэдна саміту, то ён вельмі важны, бо там будзе весціся размова не толькі пра тое, што трэба вызначыць стан нашых адносін, канстатаваць, якія яны зараз у межах Усходняга партнёрства, але і вызначыць, якімі яны стануць у будучыні. Нямецкая дэлегацыя спадзяецца, што на саміце вырашыцца, як будзе выглядаць праект Усходняе партнёрства ў бліжэйшыя два-тры гады. Гэты працэс можна назваць інклюзіўным – праект аб’ядноўвае на роўных умовах як краіны Еўразвязу, так і краіны-удзельніцы Усходняга партнёрства.

Паводле Петэра Дэтмара, калі бакі дамовяцца пра агульныя накірункі дзейнасці на бліжэйшую будучыню, то гэта будзе вельмі важкім унёскам у падтрымку стабільнасці ва ўсім рэгіёне Усходняй Еўропы.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота interfax.by