У Берасці суд пачаў разгляд крымінальнай справы аб камерцыйным шпіянажы



Суд Ленінскага раёна Берасця 16 лістапада пачаў разгляд справы па ч. 1 арт. 254 КК (камерцыйны шпіянаж), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 431 КК (замах на дачу хабару ў буйным памеры).

Фігуранты справы — 48-гадовы спецыяліст па забеспячэнні адной з берасцейскіх кампаніі і 41-гадовы індывідуальны прадпрымальнік. Абодва жыхары Берасця. На першым судовым пасяджэнні яны прызналі сваю віну і раскаяліся ў зробленым.

З абвешчанага ў ходзе пасяджэння абвінавачання вынікае, што з 1 красавіка па 31 ліпеня 2017 года для атрымання ўзнагароды мужчыны ажыццяўлялі ў Берасці незаконныя дзеянні, накіраваныя на атрыманне звестак аб тэхналогіі вытворчасці смалы і рэцэптуры фарбы для нанясення дарожнай разметкі, якія з’яўляюцца камерцыйнай тайнай аднаго з прыватных прадпрыемстваў горада.

За такія звесткі абвінавачваныя мелі намер даць супрацоўніку прадпрыемства хабар у памеры 5 тыс долараў ЗША.   31 ліпеня ў Берасці супрацоўнікі 6-га ўпраўлення (па Берасцейскай вобласці) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС затрымалі мужчын пры перадачы 2,5 тыс. долараў ЗША (часткі абумоўленай сумы).

Як паказаў на судовым пасяджэнні 41-гадовы абвінавачваны, у красавіку гэтага года яму патэлефанаваў расеец, з якім ён пазнаёміўся некалькі гадоў таму, як мяркуецца, на адным з семінараў у СТАА „СТіМ Брэст”. Той, хто тэлефанаваў сказаў, што яго цікавіць тэхналогія вытворчасці смалы і фарбы для нанясення дарожнай разметкі дадзенага прадпрыемства, і прапанаваў за гэтыя звесткі 1 млн. расейскіх рублёў.

Па словах фігуранта крымінальнай справы, ён пагадзіўся на такую прапанову, таму што тады быў беспрацоўным і меў даўгі. Пасля выйшаў на свайго знаёмага 48-гадовага берасцейца. Той пагадзіўся аказаць садзейнічанне.

belapan.by