Выплату дарожнага збору могуць адвязаць ад тэхагляду
У Палаце прадстаўнікоў прапануюць адвязаць выплату дарожнага збору ад тэхагляду. Як адзначыў кіраўнік Пастаяннай камісіі ніжняй палаты парламента па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэй Рыбак, праца дэпутатаў над праектам ішла сумесна з прадстаўнікамі зацікаўленых дзяржорганаў.
«Адна з рабочых версій – адвязаць выплату дзяржпошліны ад тэхагляду і ўносіць яе асобным плацяжом. Але гэта пакуль рабочая версія, ніякіх рашэнняў на гэты конт яшчэ не прынята», – прыводзіць БЕЛТА словы Рыбака.
Былі і іншыя варыянты, у прыватнасці, прапанавалася змяніць перыядычнасць праходжання тэхагляду або прывязаць пошліну да добраахвотнага страхавання.
Паводле слоў парламентарыя, праблема з выплатай дарожнага збору хвалюе вялікую колькасць грамадзян. Рыбак звярнуў увагу, што прапануецца даць людзям магчымасць плаціць пошліну за пэўны перыяд – месяц, два, ці тры: «Напрыклад, чалавек плануе прадаваць машыну – значыць, плаціць за месяц, не прадаў – яшчэ за месяц заплаціў”.
Фота gto.rally-service.ru