На снежань запланавана сустрэча каардынацыйнай групы Беларусь — ЕЗ



Чарговая сустрэча каардынацыйнай групы Беларусь — Еўразвяз запланаваная на снежань і пройдзе ў Бруселі, паведаміў кіраўнік аддзела па двухбаковых дачыненнях з краінамі Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель, выступаючы 17 лістапада на Менскім форуме.

Паводле яго слоў, на пасяджэннях каардынацыйнай групы абмяркоўваюць прыярытэты партнёрства Беларусі і ЕЗ, сярод якіх стымуляванне эканомікі, садзейнічанне развіццю грамадзянскай супольнасці, экалагічная і іншыя тэматыкі.

Пры гэтым Дзірк Шубель падкрэсліў: „Не магу сказаць, што момант незвароту ў нашых дачыненнях ужо пройдзены, таму што не ўсе краіны-чальцы ЕЗ давяраюць Беларусі. Для ўзнікнення даверу патрэбныя асаблівыя захады па стварэнні прававой дзяржавы”. Некаторыя падобныя крокі былі зробленыя ў 2015—2016 гадах, але ў 2017-м змен не назіралася.

„Спадзяюся, у будучыні мы выйдзем на гэты пункт незвароту, выйдзем на новую стадыю, узровень дыскусіі пра новае пагадненне паміж Беларуссю і Еўразвязам. Для гэтага патрэбныя ўмовы. Перадумовы створаныя”, — сказаў Шубель.

„Мы чакаем канкрэтных захадаў ад беларускага боку, эфект ад якіх вымерны. Мараторый на смяротнае пакаранне з’яўляецца першым нумарам у спісе нашых чаканняў. Гэта рэзка змяніла б адносіны ўдзельнікаў ЕЗ да Беларусі. У іншых сферах — выбарчае заканадаўства, свабода СМІ, рэгістрацыя палітычных партый — таксама хутка можна дасягнуць прагрэсу”, — заявіў прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

Паводле БелаПАН